Банк развіцця падорыць Віцебскай вобласці 10 новых школьных аўтобусаў
Перадача аўтобусаў адбудзецца сёння. "Пасля дакументальнага афармлення транспарт адразу з Мінска адправіцца ў раёны, вызначаныя ўпраўленнем адукацыі: Бешанковіцкі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі, Лепельскі, Аршанскі, Сенненскі, Талачынскі, Ушацкі і Чашніцкі. З улікам папаўнення, а таксама спісання састарэлых машын парк тэхнікі для падвозу вучняў у сельскай мясцовасці да месца навучання і назад будзе налічваць 229 адзінак. Патрэба рэгіёна ў такой тэхніцы практычна цалкам забяспечана", - дадаў Сяргей Арэхаў.
Ён растлумачыў, што новыя машыны ёмістасцю 22 пасадачных месцы спецыяльна абсталяваны: маюць дадатковыя сістэмы бяспекі для дзяцей і кіроўцы, праблескавыя маячкі, знешнюю гучнагаварую сувязь, высоўную прыступку і іншыя канструктыўныя і тэхнічныя асаблівасці. Выдзяленне новага транспарту стала магчымым дзякуючы праграме "Школьны аўтобус", якая рэалізуецца Банкам развіцця і прадугледжвае набыццё на працягу 2013-2017 гадоў не менш за 300 адзінак спецыяльна абсталяваных школьных аўтобусаў за кошт сродкаў банка.
У 2013-2014 гадах Банк развіцця закупіў 132 аўтобусы і перадаў па 22 адзінкі ў кожную вобласць. Па праграме набыты ў тым ліку 3 аўтобусы для перавозкі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Гэтыя машыны перададзены ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей. ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" - гэта спецыялізаваны фінансавы інстытут, заснавальнікамі якога з'яўляюцца Савет Міністраў і Нацыянальны банк Беларусі. У ліку асноўных задач, пастаўленых перад банкам, - фінансаванне доўгатэрміновых і капіталаёмістых інвестыцыйных праектаў у межах рэалізацыі дзяржпраграм і мерапрыемстваў.
Кацярына Князева, БЕЛТА.