Банк развіцця выдасць крэдыт да $43,6 млн для рэканструкцыі аэрапорта Орша
Савет Міністраў узгадніў Банку развіцця Беларусі выданне ў 2019 годзе крэдытаў Нацыянальнаму аэрапорту Мінск для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Гэта прадугледжана пастановай урада ад 22 студзеня 2019 года №42, якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Нацыянальнаму аэрапорту Мінск выдадуць крэдыт у суме, якая не перавышае $43,6 млн, для рэканструкцыі аэрадрома Орша з капітальным рамонтам існуючай узлётна-пасадачнай паласы, рэканструкцыяй рулёжных дарожак, узвядзеннем аб'ектаў дапаможнага прызначэння. Акрамя таго, для будаўніцтва ў Нацыянальным аэрапорце Мінск другой штучнай узлётна-пасадачнай паласы з аб'ектамі дапаможнага прызначэння Банк развіцця выдасць крэдыт у сумах, якія не перавышаюць $15 млн. Крэдыты будуць выдадзены пад 7,05% гадавых. Дакументам вызначана, што 65% ад сумы выплачваемых працэнтаў ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і 35% - за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду грамадзянскай авіяцыі і пазабюджэтнага цэнтралізаванага інвестыцыйнага фонду Міністэрства транспарту і камунікацый.
Пастанова прынята ў адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта ад 9 сакавіка 2017 года №36рп "Аб фінансаванні будаўніцтва і рэканструкцыі ўзлётна-пасадачных палос".