Банк вакансій Віцебскай вобласці налічвае каля 3 тыс. вольных месцаў

Недзеянне – горшы памочнік у складаных жыццёвых сітуацыях. І кірмаш вакансій – адзін з шанцаў у пошуку працы У Віцебскай вобласці ў банку вакансій, зыходзячы з заявак наймальнікаў, налічваецца каля 3 тыс. вольных месцаў, 360 з іх прыпадае на Аршаншчыну. Тады як беспрацоўных, якія стаяць на ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама на сённяшні дзень 1100 чалавек. У такой сітуацыі кірмашы вакансій – рэальны шанец знайсці працу.

У Оршы ў гэты раз іх падзялілі па секцыях, згодна з профілем. 20 сакавіка кадравыя работнікі 6 вядучых прадпрыемстваў легпрама горада прызначылі сустрэчу суіскальнікам. Такія прадпрыемствы, як Аршанскі льнокамбінат, „Дынама Праграм Орша“, фабрыка мастацкіх вырабаў, „Світанак“, „Ніць“, „Маналіт ПДМ“, заўсёды маюць прапановы па працаўладкаванні.

– Характэрна, што ў Оршы колькасць вакансій сувымерная з колькасцю патрэбных спецыялістаў, – сказала намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Ірына Матвеева. – Але чамусьці беспрацоўны патрэбнай кваліфікацыі і профілю не заўсёды даходзіць да наймальніка, а наймальнік, у сваю чаргу, не можа ў дастатковай ступені зацікавіць патэнцыйнага работніка. Вось таму і патрэбны такія кірмашы, каб два бакі знайшлі адзін аднаго.

Распрацаваны і мерапрыемствы па перасяленні з прадастаўленнем жылля і матэрыяльнай дапамогі для тых, хто знайшоў сабе прыдатную працу ўдалечыні ад месца пражывання. Да слова, у нашай вобласці гэтай магчымасцю карыстаецца больш людзей, чым у астатніх рэгіёнах краіны. Што тычыцца патрэбнасці ў тых ці іншых спецыялістах, то сёння гэта не дворнікі і вартаўнікі, а кваліфікаваныя кадры: урачы, інжынеры, медсёстры, швачкі, зваршчыкі. Банк вакансій Віцебшчыны папаўняецца новымі прапановамі. Узровень аплаты працы розны, распрацаваны план па выхадзе да снежня на агучаны Прэзідэнтам памер заработнай платы.

Каля 50 беспрацоўных наведалі кірмаш вакансій тэкстыльнага і швейнага напрамку. Тут яны не толькі азнаёміліся з прапановамі наймальнікаў, але і даведаліся актуальную інфармацыю па паслугах службы занятасці насельніцтва, па тэхналогіі пошуку месцаў працаўладкавання, складання рэзюмэ.

Кожны наведвальнік атрымаў магчымасць сустрэцца з кіраўніцтвам прадпрыемстваў, вывучыць інфармацыйныя матэрыялы аб структуры і вытворчых працэсах, а таксама прайсці сумоўе. Усе пагаджаліся, што бяздзейнасць – горшы памочнік у складаных жыццёвых сітуацыях. А кірмаш вакансій разглядалі як адзін з шанцаў у пошуку працы.

– Гэта ўнікальная пляцоўка, дзе суіскальнік і працадаўца могуць напрамую абмеркаваць умовы працы, а таксама прайсці некалькі міні-сумоўяў за адзін дзень, – адзначыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Таццяна Захарава. – Калі сёння з паўсотні прыйшоўшых хаця б 10 будуць працаўладкаваны – гэта ўжо велізарны плюс на карысць такіх мерапрыемстваў. Без перабольшвання скажу, што ў Воршы вядзецца каласальная праца ў гэтым напрамку. Яна не зводзіцца толькі да запаўнення анкет і прыёму дакументаў. Гэта дэталёвае вывучэнне кваліфікацыі чалавека, яго працоўнага досведу, уменняў і навыкаў, пераваг.
Да 4 красавіка ў Воршы пройдуць кірмашы вакансій па напрамках «Сельская гаспадарка і транспарт», «Станкабудаванне і металаапрацоўка», «Гандаль і грамадскае харчаванне», «Адукацыя, ахова здароўя, культура».

ВОЛЬГА ЛЕБЕДЗЕВА, "Віцебскія весці"