Лазная спартакіяда пройдзе ў Полацкім раёне

22 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Лазневая спартакіяда ўпершыню пройдзе ў Полацкім раёне. Спаборніцтвы дадуць старт праекту "Знакамітыя лазні Полацкай зямлі", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Полацкага райвыканкама. Месцам сустрэчы аматараў гарачай пары і моцнага веніка выбрана аграэкасядзіба "Хутар ля Крыніцы" ў вёсцы Уладычына. Тутэйшая лазня на час ператворыцца ў своеасаблівы стадыён, дзе пройдуць спаборніцтвы ў трох відах: на працягласць знаходжання ў парнай, на самага заўзятага парильшчыка і на акунанне ў басейн з ледзяной вадой. Днём спаборніцтваў выбрана субота 30 студзеня. Падрыхтоўка ўдзельнікаў ужо пачалася, бо сапраўдная лазня – гэта не замежныя сауна з хамамам. Тут, як і ў спорце, без трэніроўкі перамогі не дабіцца, таму мясцовыя клубы аматараў лазні, а іх у раёне пяць, ужо прыступілі да падрыхтоўкі сваіх спартсменаў-парыльшчыкаў. Перад спаборніцтвам усім удзельнікам трэба будзе прайсці медагляд, а сачыць за іх станам падчас барацьбы будуць незалежныя эксперты. Пераможцаў, як і належыць, чакаюць узнагароды: дыпломы і каштоўныя падарункі. Ініцыятыва правядзення спаборніцтваў належыць уладальнікам полацкіх аграэкасядзіб і аматарам лазні. Ідэю падтрымаў Полацкі райвыканкам і выступіў адным з арганізатараў. Такія незвычайныя спаборніцтвы могуць служыць не толькі прапагандай здаровага ладу жыцця, але і стаць добрай рэкламай сельскага турызму, дазволяць пераняць вопыт арганізацыі вольнага часу і аказання паслуг, лічаць у райвыканкаме. Акрамя таго, у раёне прадугледжваецца стварэнне незвычайнага турмаршруту – "Знакамітыя лазні Полацкай зямлі". -0-