Вежу ў Коханаве прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі

Нядаўна ваданапорная вежа ў гарадскім пасёлку Коханава Талачынскага раёна мае статус нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі. З ініцыятывай, якую падтрымалі ў раёне і вобласці, выступілі мясцовыя жыхары. Цяпер унікальнаму аб'екту, які ўяўляе сабой металічную гіпербалоідную канструкцыю, павінны прысвоіць спецыяльны шыфр і занесці ў спіс дзяржаўных гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Што ж асаблівага ў ваданапорнай вежы, якую ў народзе называюць Шухаўскай? Падрабязнасцямі падзялілася дырэктар Талачынскага гісторыка-краязнаўчага музея Ірына Пікулік:

— Справа ў незвычайным устройстве вежы і яе вядомым «бацьку» — расійскім інжынеры, архітэктары і вынаходніку Уладзіміры Шухаве. Па яго праекце ў 1929 годзе ў Коханаве і ўзвялі стратэгічны для свайго часу аб'ект. На Беларускай чыгунцы ваданапорныя вежы выкарыстоўвалі для запраўкі лакаматываў вадой. Месца пабудовы выбрана вельмі дакладна: ад'ехаўшы ад Оршы 25 кіламетраў, таварныя саставы ўжо не мелі вады для фарсіравання катла. Таму станцыю Коханава не мог прапусціць ні адзін таварняк.

Дарэчы, з моманту «нараджэння» вежу каля 80 гадоў падтрымлівалі ў працоўным стане. Да нашых дзён яна дажыла з мінімальнымі зменамі. Усяго падобных вежаў у Беларусі было пабудавана чатыры, з іх захаваліся толькі дзве — у Коханаве і Барысаве. Рарытэт інжынернай думкі каштоўны не толькі ў маштабах краіны. У свеце такіх унікальных канструкцый 11. Нагадаем, Уладзімір Шухаў, які стварыў першыя гіпербалоідныя канструкцыі, праславіўся дзякуючы вынаходніцтву сеткаватых перакрыццяў. Для прыкладу, іх выкарыстоўвалі ў такіх культавых пабудовах як Брытанскі музей або хмарачос The Gherkin у Лондане. А збудаванне вежы для радыёстанцыі на Шабалаўцы ў Маскве да гэтага часу застаецца самай вядомай працай Шухава. Доўгія гады яе выява была эмблемай савецкага тэлебачання і застаўкай многіх тэлеперадач, уключаючы знакаміты «Блакітны агеньчык».

"СБ".