Баскетбалісты «Асіповічаў» і віцебскага «Лакаматыва» перамаглі на старце плэй-оф чэмпіянату Беларусі

31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На чэмпіянаце Беларусі сярод мужчынскіх каманд адбыліся стартавыя матчы плэй-оф, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. У першым чвэрцьфінальным матчы "Асіповічы" на сваёй пляцоўцы не адчулі праблем у сустрэчы з магілёўскім "Барысфенам" - 94:72 (35:11, 16:24, 22:21, 21:16). А вось у Гомелі гаспадары баскетбалісты "Сож" засмуцілі сваіх балельшчыкаў, саступіўшы віцебскаму клубу "Лакаматыў-КіС" з лікам 68:71 (30:24, 10:16, 19:15, 9:16). Паўторныя матчы чвэрцьфінальных серый (да дзвюх перамог адной з каманд) адбудуцца 2 красавіка ў Магілёве і Віцебску. Калі пасля іх лік у серыях будзе роўным, то вырашальныя паядынкі за выхад у паўфінал пройдуць 6 красавіка ў Асіповічах і Гомелі. Пераможцы чвэрцьфіналаў працягнуць барацьбу за ўзнагароды чэмпіянату разам з дзвюма лепшымі камандамі рэгулярнага сезона - "Мінскам-2006" і "Гродна-93". На жаночым чэмпіянаце Беларусі адбыліся матчы паўфінальнай серыі (да трох перамог), у якіх, як і чакалася, упэўненых перамог дабіліся лідары сезона. Баскетбалісткі "Мінска-2006" двойчы разграмілі ў сябе дома гомельскі "Сож" - 100:47 і 87:67. Сталічны "Гарызонт" таксама на сваёй пляцоўцы абыграў гродзенскую "Алімпію" - 80:59 і 80:72. Наступныя паядынкі адбудуцца 2 красавіка.-0-