Батутыст Уладзіслаў Ганчароў прынёс першы ў гісторыі Беларусі залаты алімпійскі медаль па скачках на батуце
Сказаць, што поспех Уладзіслава выпадковы, нельга. Нездарма ўсюдысучыя букмекеры напярэдадні стартаў прарочылі яму другое месца. Наш 20-гадовы зямляк быў, вядома, ушанаваны, але чаму б не замахнуцца на большае? І ў выніку відавочны фаварыт – кітаец Гао Лей – не вытрымаў, а Улад адпрацаваў сваю праграму бездакорна. Нам застаецца толькі чакаць нашага чэмпіёна на радзіме з шчырымі віншаваннямі. Для Віцебшчыны гэта грандыёзная перамога яшчэ і таму, што да гэтага апошняе «золата» алімпійскай пробы нашаму рэгіёну прынёс баксёр Вячаслаў Яноўскі ў далёкім 1988-м.
Дарэчы. У гэтым залатым медалі велізарная заслуга і галоўнага трэнера беларускай зборнай Вольгі Власавай. Менавіта яна «падхапіла» 6-гадовага «бесперспектыўнага» хлапчука, адлічанага з секцыі гімнастыкі з жорсткім вердыктам: «Не прыдатны для заняткаў спортам». Вольга Анатолеўна да гэтага часу вядзе Уладзіслава да вяршынь сусветнага батута. Дакладней, ужо прывяла. Вышэй алімпійскага «золата» спартыўных узнагарод проста не існуе!
Па традыцыі Прэзідэнцкі спартыўны клуб у рамках праграмы «Алімпійскі выбар» дае права прызёру аказаць матэрыяльную дапамогу любой дзіцячай спартыўнай установе краіны. Уладзіслаў Ганчароў прагназуема вырашыў пералічыць 15 тыс. рублёў аддзяленню скачкоў на батуце і спартыўнай акрабатыкі віцебскай СДЮШАР №1.
Радуе і яшчэ адзін поспех прадстаўніка зборнай Віцебшчыны – цяжкаатлет Вадзім Стральцоў. Ён заваяваў срэбны медаль у катэгорыі да 94 кг з вынікам 395 кг. Варта адзначыць, што галоўным трэнерам нацыянальнай каманды ўжо не першы год з'яўляецца наваполачанін Віктар Шаршукоў.
Віншуем герояў спорту і верым ва ўспех і іншых прадстаўнікоў азёрнага рэгіёну!
Алесь Бынькоў, "Віцебскія весці".