Батутысты з Беларусі, ЗША і Расіі разыграюць прызы турніру "Славянскія гульні" у Віцебску
25 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за сто спартсменаў з трох краін прымуць удзел у міжнародным турніры па батуце на прызы чэмпіёна свету і Еўропы Дзмітрыя Паляруша "Славянскія гульні", які адкрываецца сёння ў Віцебску. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар СДЮШАР №2 Галіна Рамановіч.
Спаборніцтвы, якія праводзяцца штогод з 1974 года, сабралі ў абласным цэнтры 13 каманд з ЗША, Расіі і ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Удзельнікі будуць вызначаць наймацнейшых у індывідуальных і сінхронных скачках у трох узроставых падгрупах (да 13 гадоў, 14-17 гадоў і ад 18 гадоў і старэй). На папярэднім этапе судзейскія брыгады ацэняць складанасць выканання скачкоў і тэхніку спартсменаў. Па выніках выступленняў будзе вызначана васьмёрка найлепшых батутыстаў у кожным відзе праграмы сярод юнакоў і дзяўчат, якія і разыграюць галоўныя ўзнагароды турніру.
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў "Славянскіх гульняў" адбудзецца 26 лістапада ў Цэнтральным спартыўным комплексе абласнога цэнтра.
Арганізатарамі спаборніцтваў выступаюць Міністэрства спорту і турызму, Віцебскі гарвыканкам і СДЮШАР № 2 аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму гарвыканкама.-0-