Белаграпрамбанк прадаставіць папяровай фабрыцы "Чырвоная Зорка" крэдыты амаль на 14 млн. еўра пад гарантыі ўрада
31 жніўня, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. Урад Беларусі прадаставіў гарантыі ААТ "Белаграпрамбанк" у пагашэнні крэдытаў больш чым на 13,8 млн. еўра, якія будуць выдадзены ААТ "Папяровая фабрыка "Чырвоная Зорка" (г. Чашнікі, Віцебская вобласць) на інвестпраект па мадэрнізацыі папераробчай машыны і тэхналагічнага патоку масападрыхтоўкі. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў №1248 ад 27 жніўня 2010 года.
Як паведамілі на прадпрыемстве, дзякуючы рэалізацыі на фабрыцы інвестыцыйнага праекта прадукцыйнасць папераробчай машыны ўзрасце амаль утрая да 80 т паперы ў суткі. Выпуск гэтай прадукцыі павялічыцца прыкладна ўдвая, палепшыцца яе якасць. Прадпрыемства цалкам забяспечыць сваю патрэбу ў паперы, частка прадукцыі будзе адпраўляцца на папяровую фабрыку "Спартак". Мадэрнізацыя машыны дазволіць вырабляць і новыя віды паперы. Большая частка прадукцыі будзе рэалізоўвацца на ўнутраным рынку. Мадэрнізаваную машыну на прадпрыемстве плануюць увесці ў строй у 2011 годзе.
У адпаведнасці з пастановай у 2010 годзе папяровай фабрыцы "Чырвоная Зорка" за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту будзе кампенсавана частка працэнтаў за карыстанне крэдытамі. Умовай кампенсацыі часткі працэнтаў, а таксама мэтавага выкарыстання атрыманых сродкаў з'яўляецца выкананне прадпрыемствам у бягучым годзе асноўных паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця па тэмпах росту аб'ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі і рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі не ніжэй за даводзімыя канцэрнам "Беллесбумпрам".
У дакуменце таксама адзначана, што неабходна прадугледжваць пры фарміраванні праектаў рэспубліканскага бюджэту на 2011-2018 гады сродкі на кампенсацыю гэтай папяровай фабрыкай часткі працэнтаў за карыстанне крэдытамі.
Кантроль за выкананнем пастановы ўскладзены на "Беллесбумпрам", Міністэрства фінансаў і Дзяржаўны камітэт па маёмасці. Па пастанове канцэрну сумесна з Дзяржкаммаёмасцю штогод у 2011-2019 гадах да 1 красавіка неабходна будзе забяспечваць унясенне ў Савет Міністраў праектаў нарматыўных прававых актаў аб павелічэнні долі Беларусі ва ўстаўным фондзе ААТ "Папяровая фабрыка "Чырвоная Зорка" на сумы кампенсаваных у 2010-2018 гадах працэнтаў за карыстанне крэдытамі.
ААТ "Папяровая фабрыка "Чырвоная Зорка" спецыялізуецца на вытворчасці паперы, кардону і гафрокардону, пакавальнай тары, водна-дысперсійных фарбаў для знешніх і ўнутраных работ. Фабрыка была ператворана ў ААТ у 1996 годзе. Уваходзіць у склад канцэрна "Беллесбумпрам". Мае сертыфікат адпаведнасці СТБ ІSО 9001-2001.