«Белая Русь» павіншавала мам, якія нарадзілі ў Дзень Незалежнасці ў Віцебскай вобласці

«Белая Русь» поздравила мам, родивших в День Независимости в Витебской области
У Віцебскім абласным радзільным доме ў межах рэспубліканскай акцыі «Белая Русь» – з любоўю да дзяцей» павіншавалі маладых мам, якія нарадзілі ў Дзень Незалежнасці.

У знамянальную для ўсёй краіны дату, 3 ліпеня, у сценах установы нарадзіліся трое немаўлят, прычым усе дзяўчынкі. Так, глыбачанка Наталля Няміра нарадзіла Ульяну. Першынца доўга чакалі ўсёй сям'ёй.

– Яшчэ раніцай дзіця дало зразумець, што хоча з'явіцца на свет. Дзякуючы прафесіяналізму медыкаў роды прайшлі паспяхова, дзяўчынка нарадзілася здаровенькай. Вядома, ніхто са сваякоў не чакаў такога сюрпрызу, усе адзначалі Дзень Рэспублікі. Цяпер у нашай сям'і будзе падвойнае свята, – дзеліцца радасцю маладая жанчына.

А вось для Ксеніі Шчуко з Бешанковіцкага раёна роды былі планавымі. Яна таксама стала мамай упершыню, дачку назвала Маргарытай.

Сярод новаспечаных мам ёсць і шматдзетная: для Галіны Маляўка з Мёршчыны нованароджаная Віялета стала чацвёртым дзіцем, у яе падрастаюць адна памочніца-дачка і двое сыноў-абаронцаў.

– Вельмі прыемна было павіншаваць мам і немаўлят, якія нарадзіліся ў Дзень Незалежнасці. Хацелася б, каб дзеці радавалі сваіх бацькоў, выраслі годнымі грамадзянамі нашай краіны, а ўлічваючы, што гэта дзяўчаты, – яшчэ і ўпрыгожвалі нашу сінявокую Беларусь, – адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў і абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Уладзімір Церанцьеў падчас наведвання абласнога радзільнага дома.

Віншаванні і падарункі ад грамадскіх дзеячаў атрымалі пацыенткі і іншых радзільных дамоў Віцебшчыны, якія сталі мамамі ў такі важны дзень. Усяго ў рэгіёне 21 дзіця з'явілася на свет 3 ліпеня, з іх 12 – у абласным цэнтры.

Таксама Уладзімір Церанцьеў паведаміў, што плануецца стварыць банк даных дзяцей, якія нарадзіліся ў Дзень Рэспублікі з 2009 года, калі стартавала акцыя.

– «Белая Русь» – з любоўю да дзяцей» – традыцыя вельмі добрая, але важна бачыць, кім стануць гэтыя хлапчукі і дзяўчаты ў далейшым. У перспектыве хочам адсочваць іх лёс, віншаваць імяніннікаў, напрыклад, у 5 і 10 гадоў, з паступленнем у першы клас і іншымі важнымі падзеямі ў жыцці дзіцяці, прыходзіць у іх дом з падарункамі і аказваць садзейнічанне гэтым сем'ям, – падсумаваў Уладзімір Уладзіміравіч.

"Віцебскія весці".