«Беларусь — гэта мы». Адкрыты дыялог сабраў удзельнікаў моладзевага форуму, які праходзіць у Віцебску
Па традыцыі фармат дыялогу прадугледжвае зносіны ініцыятыўных хлопцаў і дзяўчат з запрошанымі экспертамі. У гэты раз імі выступілі памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін, намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын, сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандра Ганчарова, першы сакратар Віцебскага абкама БРСМ Вячаслаў Хрол.
Маладых людзей цікавілі многія пытанні. Напрыклад, прагучала меркаванне, што Міністэрства адукацыі больш арыентавана ў сваёй працы на школьнікаў і студэнцтва. Але сярод маладых рабочых, прадпрымальнікаў, фермераў, дзяржаўных служачых ёсць шмат здольных таленавітых людзей, якія змаглі б сваімі крэатыўнымі ідэямі ўнесці ўклад у развіццё краіны. Першы сакратар Чыгуначнага райкама БРСМ Карына Пушкарова вынесла на абмеркаванне пытанне аб стварэнні так званага агенцтва, якое аб'яднае абсалютна ўсю моладзь.
Анатоль Ліневіч адзначыў, што ідэя нядрэнная. Але, на яго погляд, было б больш правільна надзяліць БРСМ большымі паўнамоцтвамі, пашырыць сферу дзейнасці арганізацыі, каб яна дапамагала ў развіцці, рэалізацыі ідэй не толькі школьнай і студэнцкай моладзі. І, трэба адзначыць, што такая праца БРСМ ужо вядзецца, варта толькі больш ярка расставіць патрэбныя акцэнты.
Яшчэ адно пытанне прысвячалася дасягненням моладзі Віцебшчыны ў розных конкурсах. Так, нашы хлопцы прывезлі больш за ўсё ўзнагарод з рэспубліканскага праекта «100 ідэй для Беларусі», сям'я Зубко з аграгарадка Юнькі Пастаўскага раёна стала лепшай у рэспубліканскім праекце «Уладар сяла», каманда Віцебскай вобласці заняла другое месца ў рэспубліканскім моладзевым спартыўным фестывалі «Алімпія 2020». З гэтай нагоды ў Вячаслава Хрола пацікавіліся, як БРСМ рыхтуецца да новых конкурсаў. Вячаслаў Васільевіч адзначыў, што сакрэт падрыхтоўкі і перамог просты: над усімі праектамі працуюць каманды сапраўдных прафесіяналаў, якія не баяцца рэалізоўваць самыя смелыя ідэі і пры гэтым абапіраюцца на вопыт і мудрасць мінулых пакаленняў.
Таксама на адкрытым дыялогу ішла размова аб папулярызацыі дзяржаўных сімвалаў краіны. Хлопцы выказалі меркаванне, што было б выдатна, калі б людзі маглі свабодна размяшчаць сцягі краіны на сваіх дамах, балконах, на флагштоках на асабістых тэрыторыях, выкарыстоўваць пры афармленні пляцовак, розных культурных аб'ектаў. Такім чынам, сімвалы дзяржавы змогуць перайсці з экранаў тэлевізараў і афіцыйных месцаў і ўвайсці ў асабістую прастору кожнага чалавека, быць неад'емным атрыбутам паўсядзённага жыцця і аб'ектам гонару.
У зале, дзе праходзіў дыялог, знаходзілася скарбонка ідэй і прапаноў у Стратэгію развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь да 2030 года і ініцыятыў, накіраваных на канструктыўны рух Беларусі ў будучыню. На скарбонку нанесены QR-код маладзёжнай платформы «Рух НАПЕРАД». Ахвотныя пакінулі ў скарбонцы свае пажаданні і ініцыятывы. Усе яны будуць разгледжаны БРСМ у бліжэйшы час.