Беларусь гатова аказаць дадатковую дапамогу Расіі ў барацьбе з пажарамі - А.Лукашэнка

12 жніўня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь гатова аказаць дадатковую дапамогу Расіі ў барацьбе з пажарамі. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Татарстан Расійскай Федэрацыі Рустамам Мініханавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Хачу запэўніць вас асабіста і нашых сяброў у вашай рэспубліцы, што мы зробім усё, на што здольныя, каб аказаць дапамогу ў гэтай складанай сітуацыі, - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. - Як і іншым рэгіёнам Расіі, пацярпелым ад анамальнага надвор'я, мы гатовы аказаць тую дапамогу, на якую здольныя". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не варта шукаць ніякіх палітычных матываў у аказваемай Расіі дапамозе з нашага боку. "Ніякай палітыкі тут няма. Не трэба накручваць у сродках масавай інфармацыі, - сказаў Прэзідэнт. - Якая можа быць палітыка, калі гараць вёскі". Ён адзначыў, што ў Расіі прызнаюць, што "беларускія хлопцы працуюць эфектыўна, на сумленне". "Мы ніколі не будзем лічыць Расію чужой для сябе краінай. Беда для ўсіх нас агульная", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі таксама складваецца неспрыяльная сітуацыя, асабліва ад засухі пакутуе поўдзень краіны. Аднак у Беларусі ёсць пэўны вопыт работы ў падобных сітуацыях, кантралюецца кожны кіламетр. У краіне выбралі актыўны метад барацьбы з узгараннямі. Два тыдні таму было да 500 ачагоў узгарання, аднак толькі на некалькі хвілін. Удалося захаваць усе вёскі, размешчаныя ў лясах. "Як можам, стараемся супрацьстаяць стыхіі", - сказаў беларускі лідар. У той жа час Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што самы цяжкі ў гэтай сітуацыі ўрон нанесены сельскагаспадарчай вытворчасці. Ён адзначыў, што, нягледзячы на скарачэнне валавога збору збожжа, хлеба ў краіне хопіць, да таго ж ёсць пэўныя запасы. "Мы вытрымаем гэты націск, і, калі нейкія рэзервы будуць, мы вам абавязкова дапаможам у сілу нашых асаблівых адносін. Мы б хацелі, каб вы, наша Расія, ведалі, што мы ніколі ўбаку не застанемся", - падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў выпадку неабходнасці беларускі бок гатовы вызваліць сілы заходняй часткі і сфарміраваць і накіраваць новыя атрады. Ён таксама нагадаў, што ў краіне ёсць пэўны вопыт барацьбы з тарфянымі пажарамі. Прэзідэнт даручыў прэм'ер-міністру Беларусі звязацца з губернатарам Маскоўскай вобласці і мэрам Масквы і прапанаваць, як дзейнічаць далей у складзенай сітуацыі. "Таропіцца зараз нельга, трэба дзейнічаць асцярожна", - сказаў ён. Кіраўнік беларускай дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што Беларусь гатова дапамагаць Расіі, абапіраючыся на наяўны вопыт. "Будзем весці дыялог і старацца вам дапамагчы. Калі патрэбны нашы прадукты харчавання - калі ласка", - адзначыў ён. У сваю чаргу Прэзідэнт Татарстана адзначыў, што засуха моцна ўдарыла і па гэтай рэспубліцы, спарадзіўшы такую праблему, як пажары. Ён расказаў, што сёлета значна скароціцца ўраджай збожжа. Ён таксама дадаў, што з беларускага боку ёсць поўнае разуменне. "Лічу, усе разам мы справімся", - адзначыў ён.-0-