Беларусь гатова пакінуць усе крыўды ў мінулым і пачаць канструктыўныя адносіны з ЗША

29 сакавіка, Мінск /Таццяна Паляжай — БЕЛТА/. Беларусь гатова пакінуць усе крыўды ў мінулым і пачаць плённае супрацоўніцтва з ЗША не толькі ў эканамічнай, але і ў іншых сферах. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з кіраўніцтвам шэрагу буйных амерыканскіх кампаній, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Аляксандр Лукашэнка асаблівыя надзеі на нармалізацыю адносін звязвае з новай адміністрацыяй ЗША. "Я схільны меркаваць, што ў Прэзідэнта Абамы погляд на свет больш адэкватны і дэмакратычны, не абцяжараны перажыткамі халоднай вайны і агрэсіўнымі ідэалагічнымі падыходамі да вырашэння міжнародных пытанняў", — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што яму вельмі імпануе заява Барака Абамы з трыбуны ААН: "Мы больш не можам дазволіць сабе патураць нашым разыходжанням... Мы павінны ўвайсці у новую эпоху адносін, заснаваных на ўзаемных інтарэсах і ўзаемнай павазе". Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што гэты падыход цалкам сугучны прынцыпам міждзяржаўнага супрацоўніцтва, якімі кіруецца Беларусь. "З цяперашняй адміністрацыяй мы ўжо пачалі асцярожную размову і гатовы працягнуць руку дружбы амерыканскім партнёрам", — заявіў беларускі лідар. Аднак Прэзідэнт Беларусі выказаў сумненні ў магчымасці цывілізаванага, па-сапраўднаму эфектыўнага дыялогу і ўзаемадзеяння ва ўмовах, калі адзін з бакоў знаходзіцца пад адкрытым ціскам. "Наша краіна зацікаўлена ў развіцці паўнавартасных узаемавыгадных канструктыўных адносін з магутнейшай дзяржавай свету. Але яны павінны грунтавацца на прынцыпах неўмяшання ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы, узаемнай павагі і даверу", — падкрэсліў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка выказаў шкадаванне, што ў апошнія дзесяцігоддзі адносіны Беларусі і ЗША развіваліся вельмі нераўнамерна і "часцяком знаходзіліся ў стане прыкрай адчужанасці". "Прычым, хачу падкрэсліць, — не па віне Беларусі", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. На думку Прэзідэнта, тыя кропкавыя эканамічныя санкцыі, якія прымяніла да асобных беларускіх прадпрыемстваў адміністрацыя Джорджа Буша-малодшага, да гэтага часу ствараюць негатыўны фон для развіцця ўсяго комплексу гандлёва-эканамічных сувязяў паміж дзвюма дзяржавамі. "На маю думку, не да твару такой дзяржаве, як ЗША, звяртацца да адкрытага эканамічнага шантажу яшчэ толькі фарміруемай суверэннай дзяржавы", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-