Беларусь рыхтуе прапановы па ўдзеле ў рэалізацыі стратэгіі ЕС у рэгіёне Балтыйскага мора
23 сакавіка, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Беларусь рыхтуе прапановы па ўдзеле ў рэалізацыі стратэгіі Еўрапейскага саюза для рэгіёна Балтыйскага мора. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па праблемах Чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстання, кіраўнік дэлегацыі беларускага парламента па ажыццяўленні кантактаў з Паўночным Саветам Міхаіл Русы, падводзячы вынікі канферэнцыі "Роля палітыкаў у грамадстве, што змяняецца", якая завяршылася сёння ў Мінску.
Паводле яго слоў, дасягнута дамоўленасць, што Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі падрыхтуе і ўнясе прапановы па ўдзеле нашай краіны ў рэалізацыі стратэгіі Еўрасаюза ў рэгіёне Балтыйскага мора. Асаблівую цікавасць для Беларусі могуць прадстаўляць праекты па будаўніцтве ачышчальных збудаванняў, выкарыстанні прыродных аб'ектаў, а таксама ў галіне малой гідраэнергетыкі, транспарту, турызму. "Улічваючы, што палову прэснай вады ў Балтыйскае мора прыносяць беларускія рэкі, наша краіна не можа заставацца ўбаку ад еўрапейскай стратэгіі развіцця тэрыторый вакол гэтага мора", - лічыць Міхаіл Русы.
Дэпутат падкрэсліў, што ўсе парламентарыі - удзельнікі канферэнцыі выказалі гатоўнасць працягваць супрацоўніцтва на ўзроўні міжпарламенцкай дэлегацыі Нацыянальнага сходу Беларусі і Паўночнага Савета. Зрэшты, гэта не перашкаджае развіваць дыялог на ўзроўні парламентаў нашай краіны і кожнай з краін - удзельніц Паўночнага Савета асобна. Рухацца ў гэтым напрамку трэба, хоць пакуль малаверагодна стварэнне ў беларускім парламенце рабочых груп па супрацоўніцтве, напрыклад, з Даніяй, Фінляндыяй, Швецыяй. Парламентарыі гэтых краін аддаюць перавагу мець зносіны з беларускімі калегамі ў рамках Паўночнага Савета.
Міхаіл Русы звярнуў увагу на тое, што мадэлі развіцця Беларусі і краін Паўночнай Еўропы маюць шмат агульнага, перагукаюцца па шэрагу пазіцый, і гэта пацвердзілі выступленні і дыскусіі ўдзельнікаў канферэнцыі. Найважнейшае і прынцыповае адрозненне дзвюх мадэляў - сацыяльная накіраванасць. Не людзі для дзяржавы і для эканомікі, а наадварот - дзяржава і эканоміка для людзей. Больш таго, Беларусь прыкладае намаганні, каб не дапусціць у грамадстве празмернага расслаення на багатых і бедных. "У нас найменшае сярод постсавецкіх краін суадносіны паміж даходамі найбольш і найменш заможных груп насельніцтва. І гэта адзін з найважнейшых фактараў стабільнасці нашага грамадства", - падкрэсліў парламентарый.
Сярод агульных рыс абедзвюх мадэляў таксама эвалюцыйны, паступальны шлях развіцця, захаванне ў вядзенні дзяржавы асноўных галін народнай гаспадаркі, ад якіх залежыць развіццё эканомікі краіны ў цэлым, паслядоўная прыватызацыя, разумнае спалучэнне эканомікі і экалогіі. "Калі гаварыць пра Беларусь, то галоўнае ў нашай эканамічнай палітыцы на сучасным этапе - гэта не хуткая і масавая прыватызацыя буйных прадпрыемстваў, а лібералізацыя іх дзейнасці, пашырэнне іх правоў, звядзенне да мінімуму розных бюракратычных працэдур, прадастаўленне роўных магчымасцей для любога бізнесу незалежна ад форм уласнасці", - адзначыў Міхаіл Русы. Ён дадаў, што ў перспектыве, улічваючы працэсы глабалізацыі эканомікі, непазбежна давядзецца пераходзіць да прыватнай уласнасці практычна ва ўсіх сферах. Але рабіць гэта трэба паступова, назапашваючы вопыт, фарміруючы традыцыі і заканадаўчую базу, у першую чаргу на прыкладзе сярэдняга і малога бізнесу.
На канферэнцыі не абышлося без абмеркавання грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Паколькі ў дыскусіі прымалі ўдзел прадстаўнікі так званай апазіцыі, гаворка зайшла пра ўплыў грамадзянскай супольнасці на прыняцце дзяржаўных рашэнняў. "З боку палітыкаў, не прадстаўленых у беларускім парламенце, не прагучала ніводнай канструктыўнай прапановы. Больш таго, яны крытыкавалі нават відавочна станоўчыя дзеянні ўладаў, напрыклад, выкананне праграмы "Чыстая вада", - распавёў Міхаіл Русы. Паводле яго слоў, удзельнікі канферэнцыі асабліва падкрэслілі для замежных гасцей той факт, што грамадзянская супольнасць у Беларусі прадстаўлена 15 палітычнымі партыямі і больш чым 22 тысячамі грамадскіх і прафсаюзных арганізацый. Таму абсалютна няслушна распаўсюджваць прыватнае меркаванне прадстаўнікоў некаторых палітычных сіл на ўсё грамадзянскую супольнасць, як гэта часта робяць на Захадзе, прымаючы пункт гледжання толькі "апазіцыі".
Наступная сустрэча па лініі супрацоўніцтва з Паўночным Саветам адбудзецца ў чэрвені ў Вільнюсе. Тут запланавана правядзенне канферэнцыі аб ролі маладых палітыкаў у грамадстве, што змяняецца, да ўдзелу ў якой запрошаны таксама і прадстаўнікі Беларусі.-0-