Беларусь і ЕАБР вядуць рэгламентныя работы па прыцягненні крэдытаў на будаўніцтва Полацкай ГЭС
29 верасня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Беларусь і Еўразійскі банк развіцця вядуць рэгламентныя работы па прыцягненні крэдытаў на будаўніцтва Полацкай ГЭС, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА выканаючы абавязкі намесніка генеральнага дырэктара па ідэалагічнай і сацыяльнай рабоце РУП "Віцебскэнерго" Ігар Грыцкевіч.
Рэалізацыю праекта "Будаўніцтва Полацкай ГЭС на рацэ Заходняя Дзвіна" адобрыла валютна-крэдытная камісія Савета Міністраў Беларусі. Будаўніцтва Полацкай ГЭС прадугледжана Канцэпцыяй энергетычнай бяспекі Беларусі да 2020 года. Полацкая ГЭС стане першай з каскаду малых гідраэлектрастанцый, якія да 2014 года плануецца пабудаваць у Віцебскай вобласці на Заходняй Дзвіне. Полацкая ГЭС будзе размешчана за дзесяць кіламетраў ад горада, уверх па цячэнні ў раёне вёскі Лучна. У далейшым у Прыдзвінскім краі з'явяцца Віцебская, Бешанковіцкая і Верхнядзвінская ГЭС. Сумарная магутнасць усіх гэтых гідраэлектрастанцый складзе 125-130 МВт.
Ігар Грыцкевіч паведаміў і аб рэалізацыі іншых мерапрыемстваў "Віцебскэнерго". Прадпрыемства заключыла дагавор на выраб і пастаўку абсталявання для замены турбіны на Віцебскай ЦЭЦ. "Рэгламентныя работы з фірмай-пастаўшчыком праводзяцца па ўзгодненым графіку", - падкрэсліў ён.
РУП "Віцебскэнерго" праводзіць мерапрыемствы па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона. Для забеспячэння надзейнага электразабеспячэння ў асенне-зімовы перыяд 2010/2011 філіял РУП "Віцебскэнерго" "Энерганагляд" правёў пазапланавыя аператыўныя праверкі 133 спажыўцоў, якія маюць электрапрыёмнікі першай і асаблівай групы першай катэгорыі па надзейнасці электразабеспячэння. У асноўным гэта аб'екты аховы здароўя, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, водазабеспячэння.
Распрацаваны і зацверджаны графік афармлення і рэгістрацыі пашпартоў гатоўнасці да асенне-зімовага перыяду прадпрыемствамі і арганізацыямі горада Віцебска і Віцебскай вобласці. У адпаведнасці з ім складзены графікі заканчэння падрыхтоўчых работ і афармлення пашпартоў гатоўнасці ў разрэзе адміністрацыйных раёнаў па кожным паднадзорным спажыўцу і ведамасным цеплавым крыніцам. Гэтыя графікі накіраваны ўсім паднадзорным спажыўцам і вывешаны на інфармацыйных стэндах міжраённых аддзяленняў і раённых энергаінспекцый. Прадстаўнікі "Энерганагляду" ўключаны ў склад аператыўных груп па каардынацыі падрыхтоўчых прафілактычных і рамонтных работ, стварэння неабходных запасаў паліва да работы ў асенне-зімовы перыяд 2010/2011, створаных пры ўсіх гарадскіх і раённых выканкамах вобласці. Персанал "Энерганагляду" ўдзельнічае ў рабоце камісій па праверцы гатоўнасці электра- і цеплаўстановак спажыўцоў, ведамасных цеплавых крыніц і энергазабяспечвальных арганізацый да работы ў надыходзячы ацяпляльны перыяд.
Усяго па стане на 21 верасня ў Віцебску і Віцебскай вобласці зарэгістравана 2134 пашпарты гатоўнасці, што складае 51,4% неабходнай колькасці. "Работа па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона прасоўваецца ва ўстаноўленым парадку і будзе скончана ў запланаваныя тэрміны", - сказаў Ігар Грыцкевіч.
Раённае ўпраўленне энергетыкі і электрыфікацыі Віцебскай вобласці было створана 1 студзеня 1963 года на базе абласных электрычных сетак. У 1989 годзе з уключэннем у склад Лукомльскай ДРЭС і Наваполацкай ЦЭЦ, РЭУ "Віцебскэнерго" пераўтворана ў вытворчае аб'яднанне энергетыкі і электрыфікацыі, а з 2000 года - у рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Віцебскэнерго". У цяперашні час у склад РУП "Віцебскэнерго" ўваходзяць 18 філіялаў. Усталяваная электрычная магутнасць найбуйнейшай у Беларусі энергасістэмы складае больш за 40% магутнасці ўсіх электрастанцый ГПА "Белэнерга". Вытворчасць электрычнай энергіі складае 11-15 млрд. кВт.г у год, адпуск цеплавой энергіі 5-6 млн. Гкал. У сістэме працуюць 11,6 тыс. чалавек.-0-