Беларусь і Польшча ў стане вырашыць любыя праблемы ў адносінах - А.Лукашэнка
25 лютага, Кіеў /Таццяна Палежай - БелаПАН/. Беларусь і Польшча ў стане вырашыць любыя праблемы ў адносінах. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся ў Кіеве з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім, перадае карэспандэнт БелаПАН.
"Хачу падкрэсліць, што паміж Беларуссю і Польшчай няма ніякіх праблем. Хачу, каб вы зыходзілі з гэтага. Калі ёсць нейкія непаразуменні, інакш іх не назавеш, то мы ў стане іх вырашыць", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў дзвюх краін "выдатная гісторыя адносін" і закладзены добры фундамент на будучае. "У нас шмат добрага ў адносінах, асабліва ў сферы эканомікі, культуры, па іншых напрамках супрацоўніцтва. І, нягледзячы на тое, што Польшча з'яўляецца членам Еўрапейскага саюза і мае свае абавязацельствы, мы не разбурылі ніводзін напрамак супрацоўніцтва", - сказаў беларускі лідар. Ён таксама дадаў, што да яго часта звярталіся і польскія бізнесмены, і палітыкі, і ўсе пытанні неадменна вырашаліся з выгадай для абодвух бакоў. "У нас шмат кропак сутыкнення і іх трэба развіваць. Робячы гэта, мы вырашым тыя праблемы, якія ў нас сёння існуюць. Мы гэта можам зрабіць", - перакананы Прэзідэнт.
"У нашых адносінах ёсць такія пытанні, дзе мы бачым шчырую зацікаўленасць Польшчы ў тым, каб Беларусь была моцнай, магутнай, сучаснай, незалежнай дзяржавай. І гэта галоўнае. Ідучы ад гэтага, мы ў стане вырашыць любыя праблемы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што "гэтыя праблемы нам навязаны".
"Давайце будзем рухацца ў патрэбным напрамку. Вы пра гэта не пашкадуеце", - запэўніў кіраўнік дзяржавы польскі бок.
Радаслаў Сікорскі пацвердзіў намер польскага боку вырашыць усе непаразуменні ў адносінах Беларусі і Польшчы. Ён лічыць, што адносіны паміж дзвюма краінамі маглі б быць значна лепшымі. -0-