Беларусь і Расія падпісалі генеральны кантракт на будаўніцтва АЭС
18 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія падпісалі генеральны кантракт на будаўніцтва беларускай АЭС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Генеральным кантрактам вызначаны абавязкі і адказнасць бакоў, тэрміны рэалізацыі праекта, яго прыблізны кошт на перыяд да 2020 года, умовы плацяжоў, пастаўкі абсталявання, арганізацыя будаўніцтва, прыёмка энергаблокаў і іншыя ўмовы. Прадугледжваецца ўвод у прамысловую эксплуатацыю першага блока АЭС у лістападзе 2018 года, другога – у ліпені 2020-га.
Асноватворным прынцыпам пры падрыхтоўцы праекта генеральнага кантракта, як і кантрактнага пагаднення, стала тое, што фарміраванне кошту беларускай АЭС будзе ажыццяўляцца па ўнутрырасійскіх цэнах на ўмовах цэнаўтварэння аналагічных, як пры будаўніцтве АЭС у Расіі з выкарыстаннем базава-індэкснага метаду. Пры гэтым кошт беларускай АЭС не павінен перавышаць кошту Балтыйскай у супастаўных умовах.
Расія гатова вылучыць Беларусі льготны доўгатэрміновы дзяржаўны крэдыт тэрмінам на 25 гадоў у аб'ёме да $10 млрд. Увод у эксплуатацыю АЭС дазволіць Беларусі штогод замяшчаць каля 5 млрд.куб.м імпартуемага прыроднага газу, знізіць сабекошт вытворчасці электраэнергіі, паменшыць узровень выкідаў парніковых газаў у атмасферу 7-10 млн.т і значна павысіць узровень энергабяспекі.
Беларуская АЭС з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2400 (2х1200) МВт будзе пабудавана на Астравецкай пляцоўцы ў Гродзенскай вобласці. Для яе будаўніцтва быў абраны праект "АЭС-2006", які цалкам адпавядае міжнародным нормам і рэкамендацыям МАГАТЭ.
11 кастрычніка 2011 года было падпісана кантрактнае пагадненне аб будаўніцтве АЭС у Беларусі, якое па сваёй сутнасці з'яўляецца рамачным і імператыўна вызначае асноўныя палажэнні генеральнага кантракта.-0-