Беларусь і Расія ў няпростых умовах крызісу павінны ствараць новыя мадэлі супрацоўніцтва - А.Лукашэнка

8 красавіка, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. У складаных фінансава-эканамічных умовах Беларусь і Расія павінны не толькі не змяншаць развіццё кааперацыйных сувязей, але і ствараць новыя мадэлі супрацоўніцтва. Гэта дапаможа разам пераадолець негатыўныя наступствы сусветнага крызісу. Такое меркаванне выказаў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Мінску з губернатарам Маскоўскай вобласці Барысам Громавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што не павінна быць абмежаванняў да доступу тавараў на рынкі адзін аднаго, паколькі дасягнутая ступень кааперацыі сведчыць, што вырабляецца агульны беларуска-расійскі прадукт. Прадпрыемствы Беларусі і Расіі павінны на роўных карыстацца мерамі дзяржпадтрымкі, мець доступ да дзяржаўных закупак і крэдытных рэсурсаў, лічыць Прэзідэнт. На думку кіраўніка дзяржавы, можна дамагчыся росту ўзаемнага таваразвароту за кошт пашырэння наменклатуры пастаўляемых тавараў з высокім дабаўленым коштам, перш за ўсё шляхам павелічэння долі высокатэхналагічнай і навукаёмістай прадукцыі. Кажучы аб супрацоўніцтве Беларусі з Маскоўскай вобласцю, Прэзідэнт адзначыў, што гэты расійскі рэгіён з'яўляецца адным з прыярытэтных гандлёва-эканамічных партнёраў і займае трэцяе месца па аб'ёме ўзаемнага гандлю з рэгіёнамі Расіі. За 8 гадоў з моманту заключэння пагаднення паміж урадамі Беларусі і Маскоўскай вобласці аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве ўзаемны таваразварот вырас больш чым у 6 разоў. У найбольш спрыяльным 2008 годзе ён дасягнуў рэкордным узроўню - амаль $3 млрд. Аляксандр Лукашэнка запэўніў губернатара, што ў гэтым напрамку беларускі бок будзе працаваць і далей. "Калі на гэтае супрацоўніцтва будзе ваша воля, мы вельмі шмат можам зрабіць у бліжэйшыя гады", - сказаў ён. Прэзідэнт адзначыў, што бакамі адпрацаваны механізмы ўзаемадзеяння, якія дазваляюць эфектыўна вырашаць праблемныя пытанні, абмяркоўваць і прымаць рашэнні па ўсіх напрамках, якія дазваляюць значна павялічваць двухбаковы эканамічны патэнцыял. "Наша супрацоўніцтва даўно ўжо перарасло ўзровень простых таварных паставак. У нас плённа задзейнічаны і развіваюцца кааперацыйныя сувязі паміж прадпрыемствамі, ствараюцца сумесныя вытворчасці ў мэтах выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка выказаў зацікаўленасць беларускага боку ў сумеснай вытворчасці любых тавараў, пачынаючы ад машынабудавання і заканчваючы прадуктамі харчавання. "Думаю, гэта выгадна і Маскоўскай вобласці, паколькі нашы тавары, тэхніка ў паўтара, а часам і ў два разы таннейшыя, чым замежныя аналагі", - сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў аб гатоўнасці разгледзець магчымасці не толькі паставак беларускай прадукцыі, але і пашырэння сумеснай вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі на прадпрыемствах Маскоўскай вобласці. Прэзідэнт таксама нагадаў аб паспяховай двухбаковай працы і ў іншых абласцях. У прыватнасці, беларускія будаўнічыя арганізацыі на тэрыторыі Расіі ўжо падбіраюць зямельны ўчастак пад узвядзенне 1 млн. кв.м недарагога жылля. Кіраўнік дзяржавы выказаў пажаданне, каб гэта было ў Маскоўскай вобласці. Акрамя таго, наладжана паспяховае супрацоўніцтва ў галіне лазерных тэхналогій 21 стагоддзя.-0-