Беларусь і Санкт-Пецярбург падпісалі пагадненне аб развіцці гандлёва-эканамічных сувязяў па харчаванні

23 сакавіка, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Беларусь і Санкт-Пецярбург падпісалі міжурадавае пагадненне аб развіцці гандлёва-эканамічных сувязей у галіне харчавання, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. Пагадненне разлічана на доўгатэрміновую перспектыву і прадугледжвае далейшае развіццё дружалюбных адносін паміж Беларуссю і Санкт-Пецярбургам, пашырэнне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Дакумент вызначае парадак узаемадзеяння органаў дзяржаўнай улады, а таксама зарэгістраваных на тэрыторыях Беларусі і Санкт-Пецярбурга арганізацый любых арганізацыйна-прававых форм. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Камітэт эканамічнага развіцця, прамысловай палітыкі і гандлю ўрада Санкт-Пецярбурга будуць штогод узгадняць наменклатуру і аб'ёмы паставак сыравіны і харчовых тавараў з Беларусі ў Санкт-Пецярбург. Бакі плануюць абменьвацца маркетынгавай інфармацыяй, прапановамі па асноўных відах харчовых тавараў, садзейнічаць удзелу гаспадарчых суб'ектаў у выстаўках і кірмашах харчовых тавараў. У Мінсельгасхарчы таксама паведамілі, што ў студзені гэтага года сельгасарганізацыямі Беларусі імпартавана з Санкт-Пецярбурга сельгасабсталяванне, хатняя птушка і іншыя віды прадукцыі на суму $370,8 тыс., што на $272,2 тыс. больш у параўнанні са студзенем 2009 года. -0-