Беларусь і Смаленская вобласць дэманструюць прыклад эфектыўнасці прымежнага супрацоўніцтва
26 сакавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларусь і Смаленская вобласць паказваюць яскравы прыклад эфектыўнасці прыгранічнага супрацоўніцтва. Аб гэтым у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА паведаміў губернатар Смаленскай вобласці Сяргей Антуф'еў.
Ён падкрэсліў, што прадпрыемствы Смаленскай вобласці маюць кааперацыйныя сувязі з усімі абласцямі Беларусі, аднак найбольш актыўна ідзе супрацоўніцтва менавіта з прыграніччам - Віцебскай і Магілёўскай абласцямі. У мінулым годзе Смаленская вобласць заключыла дагавор аб супрацоўніцтве з Віцебскай вобласцю, быў таксама падпісаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі дзеючага пагаднення з Магілёўшчынай. На думку губернатара, менавіта цесныя сувязі дазволілі Смаленскай вобласці заняць 6-е месца сярод усіх расійскіх рэгіёнаў па аб'ёме таваразвароту з Беларуссю. У 2008 годзе ён склаў $790 млн, павялічыўшыся ў параўнанні з папярэднім годам на 31%. "Гэта добры паказчык, а галоўнае, лічбы пацвярджаюць, што Смаленская вобласць не проста супрацоўнічае з Беларуссю, наш прыклад паказвае, што прыгранічнае супрацоўніцтва з'яўляецца гарантам будаўніцтва Саюзнай дзяржавы", - перакананы Сяргей Антуф'еў.
Ён паведаміў, што ў цяперашні час у Смаленскай вобласці дзейнічае 88 прадпрыемстваў, створаных з удзелам беларускага капіталу, і ўсе яны працуюць вельмі паспяхова. У бліжэйшы час пачнецца стварэнне ў Смаленскай вобласці завода па зборцы беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. "Гэты праект вельмі цікавы, ён ацэньваецца ў два з лішнім мільярды расійскіх рублёў", - адзначыў Сяргей Антуф'еў. Ёсць таксама планы па развіцці сувязяў з магілёўскімі заводамі дарожнай гаспадаркі і ліфтавага абсталявання. А ў лютым у Смаленскай вобласці быў адкрыты цяплічны камбінат, пры стварэнні якога выкарыстоўваўся вопыт Віцебскай вобласці. Актыўна супрацоўнічае Смаленская вобласць з Беларуссю і ў аграрным сектары. У прыватнасці, наладжаны сувязі па абмене насенным фондам, аказваецца дапамога пры правядзенні вясновай сяўбы.
Акрамя таго, развіваюцца кантакты ў сацыяльнай сферы. Губернатар распавёў, што ў Смаленскай вобласці да 200-годдзя Айчыннай вайны 1812 года распрацоўваецца ўнікальны турыстычны маршрут. "Калі мы абмяркоўвалі канцэпцыю гэтага праекта, мы не маглі абысці ўвагай беларускі бок, - распавёў Сяргей Антуф'еў. - Гэты праект перспектыўны і з эканамічнага пункту гледжання".
"Смаленская зямля цесна звязана з лёсам Беларусі, - падвёў вынік Сяргей Антуф'еў. - У нас шмат агульнага, але галоўнае, што на Смаленшчыне цёпла і з перакананнем гавораць аб неабходнасці жыць разам". -0-