Беларусь і Туркменістан будуюць адносіны на прынцыпах стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва - А.Лукашэнка

28 красавіка, Ашхабад /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь і Туркменістан будуюць адносіны на прынцыпах стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым у пашыраным фармаце, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Лічу надзвычай важным тое, што ўсе апошнія гады узаемавыгадныя і раўнапраўныя адносіны паміж нашымі дзяржавамі развіваюцца. Мы выйшлі на ўзровень стратэгічнага партнёрства і, што больш важна, саюзніцкіх адносін", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што краінамі вызначаны прыярытэтныя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва: гэта гандаль, сельская гаспадарка, будаўніцтва горна-абагачальнага камбіната па выпуску калійных угнаенняў. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што праект, прадстаўлены беларускімі спецыялістамі, дазволіць забяспечыць комплекснае распрацоўку Гарлыкскага радовішча на аснове самых перадавых тэхналогій. Валодаючы багатым вопытам здабычы і рэалізацыі калійных угнаенняў, Беларусь бачыць перспектывы і экспартны патэнцыял гэтага праекта. Пры гэтым Беларусь не глядзіць на Туркменістан як на канкурэнта на сусветных рынках, а бачыць у гэтай краіне надзейнага партнёра. Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу і на надзейнасць беларускай тэхнікі, якая паспяхова працуе ва ўсіх рэгіёнах Туркменістана. Ён пацвердзіў, што Беларусь у гэтым годзе гатова падвоіць пастаўкі тэхнікі ў Туркменістан. Беларусь таксама гатова дзяліцца назапашаным вопытам у вядзенні сельскай гаспадаркі. Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што тут будучыня за тэхналогіямі і механізацыяй, прымяненнем інтэнсіўных форм і метадаў арганізацыі вытворчасці. "Сёння я маю магчымасць зноў пераканацца ў імкненні туркменскага кіраўніцтва пашыраць стратэгічнае ўзаемадзеянне з Беларуссю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Гаворачы аб узаемадзеянні Беларусі і Туркменістана на міжнароднай арэне, беларускі лідар запэўніў, што Беларусь заўсёды гатова падставіць плячо Туркменістану ў любой сітуацыі. Ён таксама падкрэсліў, што Беларусь ніколі не юліла па кан'юнктурных меркаваннях. Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў вялікія поспехі Туркменістана ў развіцці за апошнія гады. "Галоўнае дасягненне, што вы змаглі забяспечыць незалежнасць Туркменістана не на словах, а на справе і існаваць, нягледзячы на капрызы сучаснага свету. Вы забяспечылі фундамент незалежнага Туркменістана. Гэта найвялікшая заслуга вас і вашых калег", - сказаў беларускі лідар, звяртаючыся да свайго туркменскага калегі. Прэзідэнт Беларусі пажадаў здароўя і працвітання туркменскаму народу. "Хачу, каб ваш прэзідэнцкі тэрмін доўжыўся прынамсі столькі, колькі я буду працаваць, паколькі мне з вамі вельмі камфортна працаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Мы на свае вочы бачым плады незалежнага Туркменістана. Памятайце, што ў Беларусі дружалюбны вам народ, які гатовы рэалізаваць любыя вашы пажаданні, - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. - Мы максімальна адкрыта выбудоўваем адносіны. Усім, што вы ўбачыце карыснага ў Беларусі, мы гатовыя падзяліцца з вамі".-0-