Беларусь і Украіна маюць намер супрацоўнічаць у музычнай сферы і кінавытворчасці - М.Куліняк

12 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Украіна маюць намер актыўна супрацоўнічаць у музычнай сферы і кінавытворчасці. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр культуры і турызму Украіны Міхаіл Куліняк, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Раней міністры культуры Беларусі і Украіны падпісалі ў Мінску дагавор аб супрацоўніцтве. "Ідэй і планаў у нас шмат", - падкрэсліў Міхаіл Куліняк. Так, пачынаецца распрацоўка новых праектаў у музычнай сферы. Міністр культуры і турызму Украіны не выключыў магчымасці правядзення сумесных фестываляў. "Таксама ёсць сумесныя планы па кінавытворчасці, - дадаў ён. - І Беларусь, і Украіна зацікаўлены ў тым, каб агульнымі намаганнямі рабіць добры, якасны кінапрадукт". Міхаіл Куліняк лічыць, што ўсё толькі пачынаецца, наперадзе шмат працы. Галоўнае - ёсць узаемаразуменне, агульныя кропкі сутыкнення. Вынік сумесных намаганняў будзе бачны ўжо ў найбліжэйшай будучыні, упэўнены ўкраінскі міністр. Сёння на сцэне Летняга амфітэатра на XIX Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" - канцэрт майстроў мастацтваў Украіны. Яго назва як нельга лепш адпавядае праграме - "Сузор'е Украіны". На віцебскую сцэну выйдуць лепшыя прадстаўнікі эстраднага і опернага мастацтва. Па ўсеагульным прызнанні, Дзень культуры на "Славянскім базары" - адна з найярчэйшых падзей фестывалю. Сёння на віцебскай сцэне будзе ззяць уладальніца Гран-пры міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-1993", народная артыстка Украіны Таісія Павалій. Пасля трыумфальнай перамогі ў Віцебску пачалося ўзыходжанне Таісіі Павалій на музычны алімп. Не падмане чаканняў гледачоў любімец беларускай публікі Мікалай Гнатюк. Дарэчы, ён прымаў удзел практычна ва ўсіх фестывалях "Славянскі базар у Віцебску". Высокі клас акадэмічнага мастацтва прадэманструюць салісты Нацыянальнай оперы заслужаныя артысты Украіны Вольга Нагорная і Алег Раманенка. Вакальны секстэт "Мен Саунд" пакажа майстар-клас спеваў a capella. Візітнай карткай сучаснага харэаграфічнага мастацтва Украіны з'яўляецца тэатр сучаснай харэаграфіі "Сузор'е Аніко", кіруе якім народная артыстка Украіны Аніко Рэхвіяшвілі. Яе пастаноўкі аб'ядналі класіку і модэрн. У канцэрце "Сузор'е Украіны" возьмуць удзел будучыя зоркі, маладыя эстрадныя выканаўцы. Гэта ўладальніца спецыяльнага прыза Алы Пугачовай на конкурсе "Новая хваля" ў Юрмале Міла Ніціч, Маргарыта Смелянская (творчы псеўданім RI), Вольга Шандрык, Арцём Кандрацюк, Марыя Макавей.-0-