Беларусь і Украіна падпісалі дагаворы аб транспарціроўцы венесуэльскай нафты

1 лістапада, Кіеў /Кар.БЕЛТА/. Беларусь і Украіна падпісалі дагаворы аб транспарціроўцы венесуэльскай нафты, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дэпартаменце знешнеэканамічнай дзейнасці кампаніі ААТ "Укртранснафта". Дакументы падпісаны ў Мінску паміж суб'ектамі гаспадарчай дзейнасці Беларусі і Украіны. Аднак умовы і дэталі ў кампаніі "Укртранснафта" ўдакладніць адмовіліся, спасылаючыся на камерцыйную таямніцу. Урад Украіны у сярэдзіне кастрычніка прыняў пратакольнае рашэнне аб прапампоўцы пробнай партыі венесуэльскай нафты для Мазырскага нафцеперапрацоўчага завода з выкарыстаннем магістральных нафтаправодаў Адэса-Броды і "Дружба". Па прагнозах украінскага Мінпаліваэнерга, пробная прапампоўка нафты для Беларусі ў аверсным рэжыме ў аб'ёме каля 80 тыс.т адбудзецца ўжо ў лістападзе. Раней кіраўнік украінскага Мінтранса заяўляў аб магчымасці пераводу магістральнага нафтаправода Адэса-Броды ў аверсны рэжым працы ў выпадку гарантавання Беларуссю штогадовай прапампоўкі па ім не менш за 9 млн.т нафты ў год. У цяперашні час для транзіту венесуэльскай нафты ў Беларусь выкарыстоўваецца Украінская чыгунка. Нафтаправод Адэса-Броды з'яўляецца часткай Еўра-Азіяцкага нафтатранспартнага калідора. Ён быў уведзены ў эксплуатацыю ў маі 2002 года. Адэса-Броды злучае магістральны нафтаправод "Паўднёвы" і галоўную нафтаперапампоўваючую станцыю Броды. Працягласць нафтаправода складае 674 км, дыяметр - 1020 мм, прадукцыйнасць першай чаргі магістралі разлічана на 14,5 млн.т у год, другой - на 45 млн.т у год.-0-