Беларусь і В'етнам маюць усе перадумовы для сур'ёзнага прасоўвання ў адносінах - А.Лукашэнка

13 мая, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь і В'етнам, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, маюць усе магчымасці і перадумовы для сур'ёзнага прасоўвання ў адносінах. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы ў пашыраным фармаце з Прэзідэнтам Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам Нгуен Мінь Чыетам, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для Беларусі В'етнам з'яўляецца асноўным партнёрам і свайго роду плацдармам для асваення рэгіёна Паўднёва-Усходняй Азіі. Ён запрасіў в'етнамскі бок больш актыўна выкарыстоўваць магчымасці Беларусі для пранікнення на рынкі краін СНД, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. "Мы надаём вялікае значэнне развіццю адносін з В'етнамам як уплывовай дзяржавай і актыўным членам Асацыяцыі краін Паўднёва-Усходняй Азіі", - сказаў беларускі лідар. Прэзідэнт Беларусі, узгадваючы свой візіт у В'етнам у красавіку 2008 года, нагадаў, што тады было наглядна прадэманстравана імкненне дзвюх краін працаваць сумесна для ўмацавання двухбаковых сувязей. Ён таксама дадаў, што беларуска-в'етнамскае партнёрства юрыдычна замацавана дзясяткамі міжнародных дагавораў. Краіны прытрымліваюцца адзіных падыходаў да фарміравання справядлівага шматпалярнага сусветнага парадку, заснаванага на выкананні агульнапрызнаных нормаў міжнароднага права. Па словах кіраўніка беларускай дзяржавы, Беларусь і В'етнам маюць падобныя мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця, эфектыўнасць якіх пацвярджаецца тэмпамі развіцця дзвюх краін. "Высокі ўзровень узаемнага даверу і павагі стаў трывалым фундаментам, на якім мы будуем эканамічны складнік нашых адносін", - сказаў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што падчас візіту і маючага адбыцца бізнес-форуму пройдуць прадметныя перамовы, якія дазволяць інтэнсіфікаваць гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне паміж краінамі і вывесці яго на якасна новы ўзровень. "Спадзяюся, што ваш прыезд у Беларусь будзе спрыяць дынамічнаму росту нашых кантактаў па ўсіх напрамках", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі, звяртаючыся да госця. Ён таксама запэўніў Нгуена Мінь Чыета, што з боку кіраўніцтва Беларусі будзе аказана максімальнае садзейнічанне ўсім намаганням па дасягненні супольных мэт.-0-