Беларусь мае велізарны патэнцыял для развіцця ўсіх напрамкаў эканомікі - А.Косінец
22 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Беларусь мае велізарны патэнцыял для развіцця ўсіх напрамкаў эканомікі. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, каментуючы праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады.
Паводле яго слоў, праграма будзе напружанай. За пяць гадоў ВУП краіны трэба павялічыць у 1,62-1,68 раза, пры гэтым Віцебская вобласць ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты: павялічыць рэгіянальны ВУП у 2 разы. "Для гэтага хуткімі тэмпамі неабходна правесці мадэрнізацыю прамысловасці, умацаваць канструктарскія бюро, стварыць умовы для будаўніцтва новых вытворчасцей", - падкрэсліў Аляксандр Косінец. Так, у найбліжэйшую пяцігодку ў рэгіёне плануецца пабудаваць заводы па выпуску святлодыёднай тэхнікі, здабычы мінеральнай і прэснай вады, глыбокай перапрацоўцы драўніны, аўтамабільны завод. Практычна цалкам трэба мадэрнізаваць "Нафтан", давесці глыбіню перапрацоўкі нафты на ім да 93%.
Новы імпульс атрымае развіццё мяса-малочнай галіны вобласці. Сродкі на тэхпераўзбраенне і мадэрнізацыю гэтых прадпрыемстваў за 2011-2015 гады складуць каля Br500 млрд., пры гэтым укладзены яны будуць за 2011-2012 гады. Для параўнання кіраўнік вобласці прывёў аб'ём інвестыцый, накіраваных на мадэрнізацыю мяса-малочных прадпрыемстваў за папярэднія гады. Так, з 2000 па 2008 гады яны склалі каля Br200 млрд., а за 2009-2010 - Br375 млрд. "Усе гэтыя мерапрыемствы нацэлены на выпуск экспартаарыентаванай прадукцыі, якая будзе запатрабавана на ўзроўні мегаэканомікі", - адзначыў губернатар.
Важнымі напрамкамі з'яўляюцца аграрны сектар і будаўніцтва. Для развіцця сельскай гаспадаркі ўжо прынята абласная праграма "Вітагра" на 2011-2015 гады, якая ставіць перад сабой задачу падвоіць валавую прадукцыю з тым, каб забяспечыць харчовую бяспеку рэгіёну і павялічыць долю рэалізацыі прадукцыі на ўнутраным і знешнім рынках да 50%. У будаўніцтве трэба выйсці на штогадовае ўвядзенне жылля каля 800 тыс.кв.м. "Гэта дасць магчымасць вырашыць праблему чэргаў. Хоць і на сённяшні дзень яна ўжо не стаіць востра", - адзначыў Аляксандр Косінец.
Далейшае развіццё атрымае сфера культуры, сістэмы адукацыі, навукі, аховы здароўя. За 2011-2012 гады плануецца завяршыць рэканструкцыю, капітальны рамонт і ажыццявіць увод у эксплуатацыю шэраг аб'ектаў. Напрыклад, у мікрараёне Білева-1 абласнога цэнтра ў наступным годзе адкрыецца паліклініка, магутнасць якой разлічана на наведванне 1 тыс. чалавек у дзень, завяршыцца рэканструкцыя анкалагічнага дыспансера, будзе пабудавана жаночая кансультатыўная паліклініка.
Старшыня аблвыканкама таксама акцэнтаваў увагу на тым, што ўсе аб'екты ў рэгіёне ўводзяцца з апярэджаннем ад 2,5 года да 10 гадоў. Напрыклад, Свята-Уваскрэсенскую царкву ў Віцебску, адкрытую ў 2009 годзе, планавалася ўвесці толькі да 2015-га. Рэканструкцыя аб'ектаў сёлеташняга года (Успенскага сабора і чыгуначнага вакзала) прадугледжвалася адпаведна да 2020 і 2013 гадоў. "Вы бачыце, якімі тэмпамі ідуць гэтыя работы, і яны не будуць зніжацца", - падкрэсліў губернатар.
"Усе раздзелы праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады маюць сацыяльную арыентацыю, накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця людзей, ставяць перад сабой мэту зрабіць нашу эканоміку канкурэнтаздольнай на сусветным рынку", - канстатаваў Аляксандр Косінец, дадаўшы, што вынікі праведзенай работы паказваюць, што шлях абраны правільны.-0-