Беларусь можа разлічваць на МАГАТЭ на ўсіх этапах стварэння атамнай станцыі - Ю.Амана

2 красавіка, Барысаў /Віталь Пятровіч - БЕЛТА/. Беларусь можа разлічваць на МАГАТЭ на ўсіх этапах стварэння сваёй атамнай станцыі. Аб гэтым заявіў сёння падчас наведвання Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі МНС Беларусі генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Юкія Амана, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Беларусь з'яўляецца значным партнёрам МАГАТЭ на працягу многіх гадоў, і асабліва цесна мы супрацоўнічаем цяпер па пытаннях будаўніцтва ў вашай краіне атамнай электрастанцыі", - адзначыў Юкія Амана. Паводле яго слоў, кожная краіна сама вырашае, будаваць на сваёй тэрыторыі атамную станцыю ці не. МАГАТЭ, у сваю чаргу, толькі гарантуе аказанне любой падтрымкі, якая можа спатрэбіцца ў гэтым пытанні. У прыватнасці, Юкія Амана распавёў, што ў чэрвені гэтага года ў Беларусь прыбудзе місія МАГАТЭ, якая дасць ацэнку гатоўнасці інфраструктуры для функцыянавання атамнай станцыі. "Трагедыя на Фукусіме падарвала давер да атамнай энергетыкі, - заявіў Юкія Амана. - Тым не менш МАГАТЭ лічыць, што дыялог і адкрытасць - гэта найлепшы спосаб выкарыстоўваць ядзерную энергію максімальна бяспечна". Генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Юкія Амана прыбыў у Мінск 2 красавіка з афіцыйным двухдзённым рабочым візітам на запрашэнне беларускага ўрада. Ён наведаў інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі МНС Беларусі недалёка ад Барысава. Акрамя гэтага, у ходзе яго візіту запланавана наведванне дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра "Ждановічы". Таксама 3 красавіка адбудзецца сустрэча Юкія Аманы з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым.-0-