Беларусь не знізіла сацыяльную абарону насельніцтва ў ахове здароўя ва ўмовах сусветнага крызісу
8 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу Беларусь не знізіла ступень сацыяльнай абароненасці насельніцтва ў галіне аховы здароўя. Пра гэта заявіў намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Валерый Шаўчук, выступаючы на VIII з'ездзе фармацэўтаў Беларусі, які праходзіць сёння ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Грамадзяне Беларусі па-ранейшаму абаронены дзяржаўнымі праграмамі медыцынскага забеспячэння, сацыяльныя гарантыі па забеспячэнні лекавымі прэпаратамі не змяніліся", - падкрэсліў Валерый Шаўчук.
Сёння ў Беларусі зарэгістравана больш за 6 тыс. найменняў лекавых сродкаў, што дазваляе ў поўнай меры забяспечыць лячэбны працэс адэкватнай фармакатэрапіяй. У 2009 годзе зарэгістравана 356 новых лекавых сродкаў, з іх каля траціны - прэпараты айчынных вытворцаў. "Дынаміка апошніх гадоў сведчыць аб тым, што ў нас усё больш з'яўляецца прэпаратаў айчыннай вытворчасці", - адзначыў намеснік міністра.
У краіне паспяхова функцыянуе аптэчная сетка, якая ўключае больш за 2,5 тыс. аптэк, з якіх каля 65% дзяржаўныя. Забяспечанасць аптэчнымі ўстановамі складае 1 на 6 тыс. насельніцтва пры сацыяльным стандарце 1 аптэка на 8 тыс. чалавек. Пры гэтым важнай задачай з'яўляецца арганізацыя аптэк у лячэбных установах.
У 2009 годзе рост аб'ёмаў рэалізацыі лекавых сродкаў склаў 105% у супастаўных цэнах, пры гэтым у асартыменце аптэк кожная другая ўпакоўка лекаў айчыннай вытворчасці.-0-