Беларусь плануе ў лістападзе размясціць на рынку Расіі аблігацыі на 7 млрд. рас. руб.

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь плануе ў лістападзе бягучага года размясціць на рынку Расіі аблігацыі на суму 7 млрд. расійскіх рублёў. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення міжнародных фінансавых адносін і дзяржаўнага доўгу Міністэрства фінансаў Беларусі Андрэй Смольскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У бліжэйшыя дні будзе падпісана пастанова ўрада і па "аптымальных прагнозах мы б хацелі, каб у лістападзе ўжо быў выпуск, па аб'ёме ў нас атрымліваецца да 15 млрд. расійскіх рублёў згодна з указам Прэзідэнта", сказаў Андрэй Смольскі. Ён адзначыў, што ад расійскага Сбербанка, які з'яўляецца кансультантам размяшчэння еўрааблігацый, паступіла прапанова падзяліць выпуск на некалькі частак. У выніку было вырашана размяшчаць аблігацыі двума часткамі - па 7 і 8 млрд. расійскіх рублёў. Разам з тым Андрэй Смольскі растлумачыў, што працэнтная стаўка будзе залежаць ад тэрмінаў. Таксама на яе ўплывае тое, што ў цяперашні час на рынак плануе выйсці вялікая колькасць карпаратыўных запазычальнікаў. Наступнае даразмяшчэнне аблігацый на расійскім рынку будзе залежаць ад цікавасці інвестараў. Што тычыцца планаў Міністэрства фінансаў размяшчаць еўрааблігацыі ў наступным годзе, то на гэта Андрэй Смольскі сказаў: "Калі мы выйшлі ў гэтым годзе, то выходзім у наступным, і гэтак далей. Няхай гэта будуць невялікія размяшчэнні, каб падтрымаць цікавасць, каб была тая крывая даходнасці, на якую будуць арыентавацца інвестары, калі на рынак будуць выходзіць карпаратыўныя эмітэнты".-0-