Беларусь па росце таваразвароту ў студзені-кастрычніку на першым месцы сярод краін СНД

12 снежня, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Беларусь па росце рознічнага тавараабароту ў студзені-кастрычніку бягучага года заняла першае месца сярод краін СНД, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце Беларусі. Па даных Белстата, за дзесяць месяцаў 2010 года рознічны тавараабарот, уключаючы грамадскае харчаванне, праз усе каналы рэалізацыі павялічыўся ў Беларусі на 16,6% у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года, а ў кастрычніку ў адносінах да верасня - на 5,3%. Прычым уклад харчовай і нехарчовай груп у агульны аб'ём рознічнага тавараабароту быў аднолькавы - па 50%. На другім месцы па гэтым паказчыку Казахстан, дзе тавараабарот за дзесяць месяцаў павялічыўся на 12,5% у параўнанні са студзенем-кастрычнікам мінулага года. У Расіі ён узрос на 4,4%, у Таджыкістане - на 11,8%. У пяцёрку лідараў увайшлі таксама Азербайджан з ростам гэтага паказчыка на 8,6% і Украіна, дзе за дзесяць месяцаў тавараабарот павялічыўся на 5,8%. Самы нізкі прырост рознічнага тавараабароту адзначаны ў Арменіі - 0,7%, а ў Кыргызстане ён скараціўся на 4,3%. Даных па Малдове няма. Як адзначылі ў Белстаце, павелічэнне рознічнага тавараабароту ў Беларусі абумоўлена ростам продажаў як харчовых, так і нехарчовых тавараў. Спажывецкі рынак краіны на працягу апошніх гадоў характарызуецца стабільнасцю, таварнай насычанасцю. Насельніцтва бесперабойна і ў адпаведнасці з попытам забяспечваецца неабходнымі прадуктамі харчавання і прамысловымі таварамі. Гандлёвыя аб'екты прапануюць шырокі асартымент тавараў розных цэнавых катэгорый.-0-