Беларусь запрашае краіны Лацінскай Амерыкі да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва -

24 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь запрашае краіны Лацінскай Амерыкі да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю аргенцінскай газеце Diario La Nacion, урыўкі якога паказаў тэлеканал АНТ, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. "У нас могуць быць добрыя адносіны з любым прэзідэнтам лацінаамерыканскага кантынента. Мы вельмі мірныя, прагназуемыя, годныя людзі, і калі мы вядзём размову - ці то з прадстаўнікамі Лацінскай Амерыкі, ці то Азіі, Афрыкі - неважна, якой краіны, - мы заўсёды зыходзім з таго, што павінны не толькі ўзяць, дзесьці зарабіць, але мы абавязкова павінны гэтаму народу нешта даць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Гаворачы аб супрацоўніцтве з Венесуэлай, Прэзідэнт адзначыў, што літаральна за тры гады тавараабарот з гэтай краінай павялічыўся ў некалькі дзясяткаў разоў, вядзецца распрацоўка радовішчаў нафты і газу, будуюцца жылыя пасёлкі і гарады, фермерскія калектыўныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, развіваецца гандаль па ўсіх напрамках. Акрамя таго, што на гэты рынак пастаўляецца беларуская прадукцыя, у Венесуэле ствараюцца падобныя да беларускіх прадпрыемствы. Закранаючы супрацоўніцтва ў нафтагазавай сферы, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што Беларусь прапануе венесуэльцам прыйсці ў Беларусь і самім перапрацоўваць нафту на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах, а затым прадаваць у Еўропе. "У перспектыве мы плануем і прыватызацыю нашых прадпрыемстваў, у тым ліку і нафтаперапрацоўчых, з венесуэльскім капіталам", - адзначыў Прэзідэнт. Аргенцінскі журналіст таксама цікавіўся ўнутрыпалітычным жыццём Беларусі, эканомікай, знешняй палітыкай, якая праводзіцца краінай, а таксама турыстычнымі магчымасцямі рэспублікі. Прэзідэнт Беларусі запрасіў карэспандэнта наведаць Беларусь, пераканацца, што гэта "самая прыгожая, бяспечная краіна, дзе жывуць самыя добрыя людзі", падарыў яму два маляўнічыя альбомы, якія распавядаюць аб краіне і аб прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў.-0-