Беларусь прыступіла да падрыхтоўкі праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011-2015 гады

2 красавіка, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Беларусь прыступіла да падрыхтоўкі праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011-2015 гады, паведаміў сёння ў Савеце Рэспублікі на семінары "Стан і перспектывы развіцця навукі. Сувязь акадэмічнай навукі з вытворчасцю" старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіл Мясніковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. На думку Міхаіла Мясніковіча, асноўныя падыходы да фарміравання праграмы павінны быць вызначаны ў бліжэйшы час. "Гэтыя падыходы павінны быць разгледжаны і адобраны як мага раней, каб і бюджэт, і прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця ўжо да 2011 года ўлічваў усе новыя тэндэнцыі, - сказаў кіраўнік акадэміі навук. - Пры гэтым важна не ўпусціць 2011 год, каб у канцы наступнага года не знаходзіцца ў прастрацыі". Міхаіл Мясніковіч таксама паведаміў, што НАН распрацавала стратэгію па правядзенні навуковых даследаванняў у Беларусі, разлічаную да 2015 года. Яна разгледжана агульным сходам акадэміі навук. Сумесна з міністэрствамі і ведамствамі завяршаецца праца над прыярытэтамі навукова-тэхнічнай дзейнасці, якія будуць прадстаўлены на зацвярджэнне Прэзідэнту і стануць асновай дзяржаўных комплексных навукова-тэхнічных праграм на наступную пяцігодку. "Сёння рэальна даходнымі становяцца праекты ў бія- і касмічных тэхналогіях, медыцыне, інфармацыйна-камунікацыйным асяроддзі і іншых, - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. - Наша асноўная задача - увесці вытворчасці ў гэтых галінах у рэальную эканоміку, стварыць інтэлектуальныя ўмовы, інфраструктуру і прававыя метады для хуткага развіцця вытворчага інавацыйнага бізнесу".-0-