Беларусь здабыла на Захадзе рэпутацыю адказнага партнёра - А.Лукашэнка

4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь здабыла на Захадзе рэпутацыю адказнага партнёра. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю інфармагенцтву "Рэйтэр", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. "З намі ахвотна супрацоўнічаюць міжнародныя фінансавыя структуры, таму што ведаюць: калі мы нешта паабяцалі - абавязкова гэта выканаем", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт нагадаў, што ў апошні час у Беларусі выбудоўваюцца вельмі плённыя адносіны з Захадам па лініі бізнесу і фінансаў, развіваюцца кантакты з МВФ, Сусветным банкам, ЕБРР. "Гэта значыць, тут зроблена нямала", - падкрэсліў ён. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў наяўнасць кантактаў у палітычнай сферы на ўсіх узроўнях, уключаючы ўзровень Прэзідэнта. "У апошні час мы нямала зрабілі ў выбудоўванні нармальных, добрасуседскіх адносін з нашымі заходнімі партнёрамі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым беларускі лідар дадаў: "Калі браць усё супрацоўніцтва ў цэлым, то я б не сказаў, што зроблена ўсё, на што мы разлічвалі, і што Захад пайшоў нам насустрач". -0-