Беларусь звязвае сваю будучыню з ростам высокатэхналагічных вытворчасцей

16 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцей, прадугледжанае праектам асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады, забяспечыць канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі на сусветных рынках і стане асновай росту дабрабыту людзей. Такую кропку гледжання ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў генеральны дырэктар РВУ "Вістан", удзельнік IV Усебеларускага народнага сходу Валерый Коршак. Суразмоўца лічыць справядлівым, што ў лік прыярытэтным галін, дзе будуць развівацца інавацыйныя вытворчасці, якія выкарыстоўваюць навукаёмістыя тэхналогіі, увайшло высокадакладнае машынабудаванне, а сярод галоўных задач развіцця прамысловай вытворчасці ўрад называе павышэнне тэхнічнага і тэхналагічнага ўзроўню на аснове хуткага абнаўлення асноўных сродкаў. "Сваю будучыню краіна звязвае з ростам высокатэхналагічных вытворчасцей. Тэхналагічнае абнаўленне разам з развіццём матэрыяльна-тэхнічнай базы навукі дапамогуць беларускай эканоміцы ўстаць на інавацыйны шлях", - упэўнены Валерый Коршак. На віцебскім станкабудаўнічым заводзе "Вістан" ствараецца бізнес-план на бліжэйшыя гады, пры гэтым асаблівая ўвага надаецца абнаўленню актыўных фондаў - машын і абсталявання. Прадугледжваецца, што рэалізацыя плана развіцця дазволіць знізіць знос асноўных фондаў з 94% да 40%. У сваю чаргу абнаўленне матэрыяльнай базы дасць магчымасць асвойваць новыя віды прадукцыі, у тым ліку імпартазамяшчальныя, нарошчваць экспарт і пастаўляць прадукцыю на новыя рынкі збыту. У выніку вырасце даходнасць прадпрыемства, а работнікі будуць атрымліваць рэальную высокую заработную плату, падзяліўся планамі на пяцігодку гендырэктар. РВУ "Вістан" з'яўляецца адным са старэйшых станкабудаўнічых прадпрыемстваў рэспублікі і вядзе сваю гісторыю з 1914 года. У наменклатуры завода налічваецца больш за 850 базавых мадэляў і мадыфікацый круглашліфавальных, цэнтравых і бяcцэнтравых станкоў, зубаапрацоўчых, апрацоўчых цэнтраў з ЧПУ, такарных, спецыяльных, дрэваапрацоўчых станкоў. Сістэма менеджменту якасці вытворчасці станкавой прадукцыі сертыфікавана ў адпаведнасці са стандартам ІСА 9001-2001. У студзені-кастрычніку бягучага года тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці склаў 119%, рэнтабельнасць - 9,4%. Тэмп росту экспарту дасягнуў 134% да ўзроўню мінулага года. Асноўнымі пакупнікамі віцебскіх станкоў з'яўляюцца Расія, Украіна, Іран, Індыя. У бягучым годзе "Вістан" упершыню паставіў абсталяванне ў В'етнам і Венесуэлу. На заводзе працуюць больш за 800 чалавек.-0-