Беларусь у 2011 годзе не плануе экспартаваць збожжа

24 жніўня, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Беларусь у 2011 годзе не плануе экспартаваць збожжа. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Паўлоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы зацікаўлены ў першую чаргу забяспечыць збожжам уласныя патрэбы - патрэбы жывёлагадоўлі, - падкрэсліў намеснік міністра. - Экспартаваць будзем насенне збожжавых, бульбу". Паводле яго слоў, калі вызначалі пасяўныя плошчы, перш за ўсё ўлічваліся патрэбы ў фуражным збожжы для вытворчасці камбікармоў для галіны жывёлагадоўлі. "Для нас больш выгадна збожжа накіраваць на камбікармы, а экспартаваць ужо мяса-малочную прадукцыю, - сказаў Васіль Паўлоўскі. - Мы не краіна, якая павінна гандляваць збожжам, мы павінны зарабляць валюту, рэалізуючы гатовую прадукцыю з больш высокім дададзеным коштам".

Беларусь будзе гандляваць насеннем збожжавых. Да прыкладу, сёння на знешнім рынку, у тым ліку ў расійскіх рэгіёнах, запатрабавана насенне азімых - пшаніцы, трыцікале і рапсу. На экспарт насення ўжо маюць дазвол Навукова-практычны цэнтр па земляробстве НАН Беларусі, Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, які на сваіх доследных палях вырабляе насенне азімай пшаніцы, калектыўная гаспадарка "Гігант" Магілёўскай вобласці, якая мае насенне азімага рапсу і бульбы. На думку Васіля Паўлоўскага, у цяперашні час больш выгадна гандляваць насеннем гібрыдаў збожжавых, рапсу, і такая задача перад беларускімі селекцыянерамі пастаўлена.

Гаспадаркі Беларусі зацікаўлены ў экспарце насення рапсу, насеннай і харчовай бульбы. У бягучым годзе плануецца захаваць леташні аб'ём экспарту бульбы. У 2010 годзе яго прададзена за мяжу 250 тыс.т.

Што тычыцца імпарту збожжа, то сёлета, магчыма, яго будзе закуплена каля 6-10 тыс.т. Гэта ў асноўным пшаніца больш моцных гатункаў для хлебапячэння. Летась было набыта 6 тыс.т такой пшаніцы. Па словах намесніка міністра, "калі спатрэбяцца закупкі сыравіны для камбікормавай прамысловасці, то і яны будуць ажыццёўлены". Але, як паказвае аналіз, атрыманы ўраджай збожжа прадугледжвае 100% забеспячэнне кармамі ўласнага вытворчасці, дадаў ён. На сённяшні дзень ніякія імпартныя закупкі з новага ўраджаю не плануюцца, хоць шэраг птушкафабрык, для якіх неабходныя дадатковыя закупкі пшаніцы і іншых кампанентаў для вытворчасці камбікармоў, набываюць неабходную сыравіну.-0-