Беларусь у студзені павялічыла аб'ём знешняга гандлю таварамі на 17,1% да $3,584 млрд.
18 сакавіка, Мінск /Наталля Вярбіцкая - БЕЛТА/. Беларусь у студзені бягучага года павялічыла аб'ём знешняга гандлю таварамі ў параўнанні са студзенем 2009 года на 17,1% да больш чым $3,584 млрд., паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце.
Пры гэтым Беларусь павялічыла ў студзені экспарт тавараў на 37,7% да ўзроўню студзеня 2009-га да $1,777 млрд., імпарт – на 2,1% да $1,806 млрд. Сальда знешняга гандлю таварамі склалася адмоўнае ў памеры $28,5 млн. (у студзені 2009 года адмоўнае сальда было $477,5 млн.). Нагадаем, па выніках мінулага года адбыўся спад знешняга таваразвароту. Аб'ём знешняга гандлю таварамі Беларусі ў 2009-м склаў $49,846 млрд., або 69,3% да ўзроўню 2008 года. У тым ліку экспарт знізіўся да $21,282 млрд. (65,3% да 2008 года), імпарт - да $28,564 млрд. (72,5%).
Беларусь у студзені бягучага года гандлявала са 131 краінай. Тавары пастаўляліся на рынкі 107 дзяржаў, імпартавалася прадукцыя са 115 краін. Геаграфія беларускіх паставак у параўнанні з пачаткам 2009 года пашырылася. У студзені мінулага года Беларусь гандлявала са 127 краінамі, экспарт ажыццяўляўся на рынкі 86 дзяржаў, імпарт - са 118 краін.
Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі ў студзені гэтага года былі Расія (47,1% усяго аб'ёму таваразвароту), Нідэрланды (11,3%), Украіна (5,5%), Кітай (4,6%), Польшча (3,9%), Германія (3,2%), Злучанае Каралеўства (2,3%), а таксама Латвія, Бразілія, Італія.
Пастаўкі беларускіх тавараў у Расію па выніках студзеня ў параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года павялічыліся на 39,5% да $542,6 млн. і склалі ў аб'ёме экспарту рэспублікі 30,5%. Экспарт у Нідэрланды вырас на 26,7% да $390,3 млн. Беларускі экспарт ва Украіну ў студзені склаў $100,5 млн., або 162,9% да аналагічнага перыяду мінулага года, у Кітай – $87,1 млн. (у 9,3 раза больш), Польшчу - $97,1 млн. (179,5%).
Экспарт беларускіх тавараў у Германію знізіўся ў студзені на 20,7% да ўзроўню студзеня 2009-га да $39,4 млн., у Латвію – на 15,3% да $73,8 млн. Пастаўкі тавараў у Злучанае Каралеўства ўзрослі на 18,3% да $70,2 млн.-0-