Беларусь вядзе перамовы з Бельгіяй, Японіяй і Францыяй аб стварэнні СП у льняной галіне
29 сакавіка, Мінск /Вольга Беляўская — БЕЛТА/. Беларусь вядзе перамовы з Бельгіяй, Японіяй і Францыяй аб стварэнні СВП у ільновай галіне. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы. Праект комплекснага бізнес-плана развіцця ільновай галіны Беларусі ў 2011-2015 гадах разглядаўся сёння на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах кіраўніка Мінсельгасхарча, замежныя інвестары праяўляюць актыўны інтарэс да ільновай галіны Беларусі. У якасці прыкладу Міхаіл Русы прывёў планы па супрацоўніцтве Беларусі з адной з бельгійскіх фірмаў. Бельгійскія інвестары плануюць інвесціраваць у перапрацоўку ў Беларусі кароткага ільновалакна з выхадам на шырокую гаму якаснай прадукцыі з яго. "Сур'ёзныя перамовы вядуцца таксама з Японіяй і Францыяй", — дадаў міністр.
Па яго словах, рост цікавасці замежных інвестараў да айчынных ільнопрадпрыемстваў абумоўлены скарачэннем экспартных паставак ільнапрадукцыі на сусветны рынак. Беларусь у гэтай сітуацыі можа толькі выйграць, паспяхова прасоўваючы ўласную ільнапрадукцыю. Галоўная задача, якую трэба выканаць, — забяспечыць пастаўкі неабходнай колькасці доўгага і кароткага ільновалакна на Аршанскі ільнокамбінат, каб прадпрыемства магло нарошчваць аб'ёмы вытворчасці, пашыраць спектр выпускаемай прадукцыі і павышаць яе якасць. "Сур'ёзны інтарэс інвестары пачалі праяўляць у апошнія два месяцы. Гэта звязана з тым, што ў Еўропе пайшло скарачэнне аб'ёмаў вытворчасці лёну", — дадаў ён.
Міхаіл Русы таксама звярнуў увагу на тое, што ў многіх краінах свету арганізацыі ільновай галіны атрымліваюць дзярждатацыі. Да прыкладу, у Бельгіі на тону ільновалакна прыпадае $800 такіх датацый. Пры гэтым бельгійскія вытворцы рэалізуюць сваю прадукцыю на знешніх рынках па сусветных цэнах. Аршанскі ільнокамбінат таксама атрымлівае падтрымку дзяржавы, аднак прадае сваю прадукцыю значна танней. "Таму галоўнае — правільна спланаваць два цэнтры ў ільновай галіне — цэнтр фарміравання прыбытку і цэнтр размеркавання дзяржпадтрымкі", — упэўнены міністр.-0-