Беларусь выйдзе на станоўчае сальда знешняга гандлю ў 2015 годзе
1 лютага, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Беларусь выйдзе на станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў 2015 годзе. Аб гэтым заявіў сёння на пасяджэнні Савета Міністраў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік урада падкрэсліў, што ў 2014 годзе плануецца забяспечыць нулявое сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі, а ў 2015 годзе выйсці на станоўчае сальда.
"На жаль, нам даводзіцца старці далёка не з лепшых пазіцый, у 2010 годзе эканоміка прадэманстравала самае горшае за ўсе гады адмоўнае сальда знешняга гандлю, - канстатаваў Міхаіл Мясніковіч. - Трэба пераламіць сітуацыю".
Прэм'ер-міністр звярнуў асаблівую ўвагу на тыя задачы, якія агучыў кіраўнік дзяржавы ў Палаце прадстаўнікоў 27 студзеня. "Было сказана, што валавыя паказчыкі - гэта добра, але неабходна эканамічная эфектыўнасць дзейнасці і гаспадарчых суб'ектаў, і галін, і канкрэтна ўсёй нашай эканомікі", - нагадаў ён. Для гэтага, на думку Міхаіла Мясніковіча, неабходна забяспечыць вельмі рэзкі прырост прадукцыйнасці працы і канкурэнтаздольнасці прадукцыі. У дадзенай сітуацыі, як падкрэсліў прэм'ер-міністр, увага павінна быць звернута на нарошчванне экспарту як лепшага паказчыка канкурэнтаздольнасці эканомікі.
Аналізуючы праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011-2015 гады, а таксама праект праграмы дзейнасці ўрада на пяцігодку, Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што задачы, якія ў іх закладзены "напружаныя і звышнапружаныя". Ён нагадаў, што ў рамках дапрацоўкі праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця павінны былі быць прапанаваны канкрэтныя механізмы дасягнення задач, пастаўленых на Усебеларускім народным сходзе. "Арыентаваліся на тое, што гэта павінна было быць выкладзена ў праекце праграмы дзейнасці ўрада, - дадаў Міхаіл Мясніковіч. - Кіраўніцтва Саўміна арыентавала распрацоўшчыкаў на тое, што ў праграме дзейнасці ўрада павінны змяшчацца ў першую чаргу нормы прамога дзеяння - як, дзякуючы чаму, кім і якімі сродкамі забяспечыць рэалізацыю тых паказчыкаў, якія прыняты на Усебеларускім народным сходзе і выкладзены ў праекце праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця". -0-