Беларусь чакае цяжкая перадвыбарчая прэзідэнцкая кампанія - А.Лукашэнка
27 красавіка, Петрыкаўскі раён /Людміла Сац - БЕЛТА/. Беларусь чакае цяжкая перадвыбарчая прэзідэнцкая кампанія. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы сёння з жыхарамі Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наперадзе ў нас асноўная кампанія, вельмі цяжкая кампанія. Калі ў гэтай кампаніі давядзецца ўдзельнічаць дзеючаму Прэзідэнту, то яна яшчэ цяжэйшай будзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы бачыце, камусьці тут не падабаецца дзеючы Прэзідэнт - і на Захадзе, і на Усходзе. Натуральна, рукі чухаюцца, хочацца сюды ўлезці. Я з гэтай нагоды не вельмі перажываю, проста вам кажу - расслабляцца не трэба", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама дадаў: "Я ўжо, шчыра кажучы, напрацаваўся. Калі вы знойдзеце іншага прэзідэнта, то страху не будзе. Усё роўна рана ці позна яго трэба будзе знайсці. Калі знойдзеце - добра". Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да жыхароў Петрыкаўскага раёна, выказаў надзею: "Калі я не буду прэзідэнтам і сюды прыеду, вы не адмовіцеся, вы сустрэнецеся са мною, і як калісьці я вам дапамагаў кавалак хлеба знайсці, то і вы мне кавалак хлеба дасце".
Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі расслабляцца не трэба, каб не адбылося тое, што здарылася ў іншых рэспубліках, як, напрыклад, нядаўна ў Кыргызстане. "Вось гэта нам не трэба. Калі хтосьці апладзіруе і радуецца, то толькі не кыргызскі народ, таму што падобныя рэвалюцыі адкідваюць дзяржаву і народ у сваім развіцці не на адзін дзясятак гадоў. А хто ўсё гэта будзе выцягваць на сваіх плячах? Вы, народ", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-