Беларусбанк зніжае стаўку па раней выдадзеных крэдытах на жыллё з 17% да 14,5% гадавых

3 лютага, Мінск /Людміла Сац - БЕЛТА/. ААТ "АСБ Беларусбанк" з 15 лютага зніжае стаўку па раней выдадзеных крэдытах на будаўніцтва жылля для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Пра гэта паведаміла сёння журналістам старшыня праўлення банка Надзея Ермакова, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Стаўка будзе зніжана з 17% гадавых да 14,5% гадавых. Акрамя таго, Беларусбанк разглядае пытанне аб падаўжэнні максімальных тэрмінаў спажывецкіх крэдытаў з 3 да 5 гадоў. Адпаведнае рашэнне ўжо можа быць прынята ў бліжэйшы час. Пры гэтым Надзея Ермакова адзначыла, што доля спажывецкага крэдытавання ў агульным аб'ёме крэдытаў Беларусбанка за апошні час знізілася, што ў першую чаргу звязана з узрослай канкурэнцыяй сярод банкаў у гэтым сегменце рынку. Нявысокія паказчыкі і па льготным спажывецкім крэдытаванні. Што тычыцца іншых умоў крэдытавання насельніцтва, то Беларусбанк мяняць іх не мае намеру. "Яны ў нас адпрацаваны, і мы не бачым неабходнасці ў тым, каб змяняць іх", - сказала яна. ААТ "АСБ Беларусбанк" – найбуйнейшая ўніверсальная фінансава-крэдытная ўстанова краіны, якая прапануе сваім кліентам больш за 100 відаў банкаўскіх паслуг і прадуктаў, у тым ліку па разлікова-касавым абслугоўванні, крэдытаванні, дэпазітных аперацыях, лізінгу, факторынгу, інкасацыі, міжнародных і міжбанкаўскіх разліках, валютна-абменных і канверсійных аперацыях, аперацыях з банкаўскімі картамі, кансалтынгавыя і дэпазітарныя паслугі. Банк мае рэйтынгі такіх вядомых міжнародных рэйтынгавых агенцтваў, як Fitch Ratings і Moody's Investors Service.-0-