Беларусбанк у 2011 годзе здасць у эксплуатацыю шэсць дамоў для шматдзетных прыёмных сем'яў
17 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. "Беларусбанк" у 2011 годзе здасць у эксплуатацыю шэсць дамоў для шматдзетных прыёмных сем'яў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшыня праўлення ААТ "АСБ Беларусбанк" Надзея Ермакова. Яна прымае ўдзел у адзіным дні інфармавання "2011 год - Год прадпрымальнасці" у Віцебску.
"Па адным доме сямейнага тыпу для прыёмных дзяцей "Беларусбанк" пабудаваў і здаў у 2009-2010 гадах. У першым паўгоддзі гэтага года плануецца адкрыць яшчэ шэсць аналагічных аб'ектаў у кожнай вобласці Беларусі", - сказала Надзея Ермакова, адзначыўшы, што цяпер узвядзенне гэтых дамоў знаходзіцца на завяршальным этапе. Кошт кожнага складае ў сярэднім Br600-700 млн.
У 2011 годзе "Беларусбанк" плануе працягнуць будаўніцтва дамоў для шматдзетных прыёмных сем'яў. "Гэту дабрачынную праграму мы маем намер актыўна рэалізоўваць не толькі у гэтым, але пры ўмове падтрымкі акцыянераў і ў наступныя гады", - падкрэсліла Надзея Ермакова.
"Беларусбанк" праводзіць мноства дабрачынных праектаў, на якія штогод накіроўваецца пэўны працэнт прыбытку банка. Напрыклад, фактычна раз на тыдзень разглядаюцца пытанні аказання дапамогі на лячэнне дзяцей, якім патрабуюцца высокатэхналагічныя аперацыі, дадала Надзея Ермакова.-0-