Беларусі неабходна дэманстраваць выгаду стварэння лагістычных цэнтраў на яе тэрыторыі - эксперт
15 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Беларусі неабходна больш актыўна дэманстраваць інвестарам выгаду і перавагі стварэння транспартна-лагістычных цэнтраў на яе тэрыторыі. Такую кропку гледжання выказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА партнёр кампаніі Logistikas Partneri SIA (Латвія) Нормундс Круміньш. Ён прымае ўдзел у восеньскім бізнес-форуме, які сёння адкрыўся ў Віцебску.
Па словах латвійскага бізнесмена, які працуе ў галіне аказання транспартных і лагістычных паслуг, "беларускія ўлады маюць добрыя напрацоўкі ў гэтай галіне, заканадаўствам створаны спрыяльныя ўмовы для вядзення бізнесу". Акрамя таго, еўрапейскія транспартныя калідоры Берлін-Масква і Хельсінкі-Плаўдзіў абазначаны на ўсіх еўрапейскіх картах. Аднак трэба рухацца далей і дэманстраваць выгаду транзіту праз Беларусь, упэўнены Нормундс Круміньш. "Еўрапейскія транспартныя патокі ўжо сфарміраваны, на іх змены неабходны сродкі, таму Беларусі так важна паказаць эканамічную перавагу перанакіравання патокаў праз яе тэрыторыю", - сказаў ён.
Кампанія Logistikas Partneri SIA праявіла цікавасць да праекта Аршанскага авіярамонтнага завода па стварэнні міжнароднага лагістычнага цэнтра агульным аб'ёмам інвестыцый $11,6 млн. Першы транспартны чартэр у Оршу кампанія мае намер здзейсніць ужо ў пачатку 2010 года.-0-