Беларусі патрэбен пераходны перыяд для стабілізацыі эканомікі - С.Сідорскі

25 жніўня, Мінск /Людміла Сац - БЕЛТА/. Беларусі патрэбны пераходны перыяд для стабілізацыі эканомікі. Пра гэта паведаміў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на сустрэчы з дырэктарам Еўрапейскага дэпартамента МВФ Марэкам Белькам, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Сяргея Сідорскага, у цяперашні час у эканоміцы Беларусі ёсць праблемы, і яны значныя. "Гэта не толькі праблемы ўнутры эканомікі, але і праблемы на традыцыйных замежных рынках, перш за ўсё ў Расійскай Федэрацыі. Мы сутыкнуліся з тым, што палову нашага экспарту, якая традыцыйна прыходзілася на Расію, мы сёння вымушаны пераводзіць у трэція краіны. Для гэтага нам і патрэбны пераходны перыяд", - растлумачыў прэм'ер-міністр. "Мы разлічваем на адкрыццё расійскай эканомікі. Ужо сёння ёсць добрыя сігналы з улікам росту цэн на нафту", - дадаў ён. На думку Сяргея Сідорскага, крокі, якія робіць расійскі ўрад па падтрымцы тых галін эканомікі, якія кааперацыйна звязаны з беларускай эканомікай (аўтамабілебудаванне, машынабудаванне і іншыя), дадуць магчымасць у найбліжэйшай перспектыве развіць эканоміку Беларусі. "Акрамя таго, тая дыверсіфікацыя, якую мы праводзім апошнім часам, дасць магчымасць беларускай прадукцыі больш шырока прысутнічаць на рынках розных краін. У гэтым будуць перавагі, у тым ліку цэнавыя і канкурэнтныя", - адзначыў прэм'ер-міністр. -0-