«Беларуская маляванка» прадстаўлена ў Цэнтры рускай культуры Таліна

27 мая, Мінск /Марта Астрэйка – БЕЛТА/. Выстава "Беларуская маляванка", на якой прадстаўлены малюнкі выхаванцаў Полацкай дзіцячай школы мастацтваў, адкрылася ў Цэнтры рускай культуры Таліна. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў генеральны консул Беларусі ў эстонскай сталіцы Аляксандр Астроўскі. "Работы выкананы ў стылі маляваных дываноў – аднаго з відаў народнага мастацтва, які атрымаў назву "маляванка" і шырока распаўсюджаны ў Беларусі ў 30-50 гады мінулага стагоддзя. Праект, ажыццёўлены пад кіраўніцтвам выкладчыкаў школы Наталлі Анцімонавай і Дзмітрыя Свяцкага, годна працягвае самабытныя традыцыі беларускай народнай творчасці", – расказаў дыпламат. Выстава праходзіць па ініцыятыве і пры падтрымцы генеральнага консульства Беларусі ў Таліне. Раней яна з вялікім поспехам экспанавалася ў Нараўскай дзіцячай мастацкай школе. –0–