Белаўтадар дасягнуў дамоўленасці аб прыцягненні замежных інвестыцый у II паўгоддзі 2010 года

27 лістапада, Докшыцкі раён /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Платныя дарогі ў Беларусі могуць з'явіцца пры ўмове правядзення рэканструкцыі і адпаведнасці іх параметраў першай катэгорыі. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра транспарту і камунікацый - дырэктар Дэпартамента "Белаўтадар" Анатоль Лыцін. Ён прымаў удзел у рабочай нарадзе па пытанні развіцця г.п. Бегамль у Докшыцкім раёне. Дарогі першай катэгорыі - трасы з чатырохпалосным рухам, і толькі ў гэтым выпадку магчыма спагнанне платы, растлумачыў суразмоўца. Па яго словах, сёння дастаткова інтэнсіўна вядзецца рэканструкцыя дарогі М5 Мінск-Гомель, якая можа адпавядаць першай катэгорыі. "Калі мы прыцягнем да рэканструкцыі гэтай дарогі фінансавыя сродкі Сусветнага банка, аб чым маецца дамоўленасць і падпісаны Мэмарандум, то платная дарога можа з'явіцца", - сказаў Анатоль Лыцін. Кажучы аб папярэдніх выніках работы дэпартамента ў бягучым годзе, намеснік міністра падкрэсліў, што самая вялікая праблема Белаўтадара ў бягучым годзе - малыя аб'ёмы фінансавання. Магутнасці прадпрыемстваў дарожнай галіны, падрадных арганізацый дазваляюць выконваць работы ў два-тры разы больш, растлумачыў ён. Прыцягненне замежных інвестыцый дало б магчымасць павелічэння фінансавання і, такім чынам, павелічэння аб'ёмаў работ. У другой палове 2010 года такая магчымасць дзякуючы Сусветнаму банку - аднаму з найбольш рэальных інвестараў - з'явіцца, дадаў суразмоўца.-0-