"Белэнерга" плануе завяршыць замену турбіны на Віцебскай ЦЭЦ у снежні

23 мая, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. ДВА "Белэнерга" плануе ў снежні бягучага года завяршыць замену на Віцебскай ЦЭЦ адпрацаванай рэсурс турбіны №2 магутнасцю 35 МВт на турбіну магутнасцю 40 МВт. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік генеральнага дырэктара ДВА "Белэнерга" Міхаіл Лузін. Устаноўка турбіны магутнасцю 40 МВт дазволіць павялічыць выпрацоўку электраэнергіі ЦЭЦ да 490,2 млн. кВт.г у год. Праект будзе рэалізаваны з прымяненнем абсталявання Калужскага турбіннага завода (Расія). З сакавіка 2011 года генеральны падрадчык ААТ "Центрэнергамантаж" праводзіць дэмантажныя работы, якія завершацца ў гэтым месяцы. Затым генпадрадчык прыступіць да выканання будаўніча-мантажных работ, якія працягнуцца да канца бягучага года. Увод аб'екта запланаваны на снежань 2011-га. Таксама ў цяперашні час ДВА "Белэнерга" працуе над будаўніцтвам міні-ЦЭЦ у горадзе Рэчыца магутнасцю 4,2 МВт і рэканструкцыяй Мінскай ЦЭЦ-2 з устаноўкай двух парагазавых установак магутнасцю 32,5 МВт кожная. На Рэчыцкай міні-ЦЭЦ выкананы мантаж абсталявання, вядуцца пусканаладачныя работы. Работнікі станцыі заняты павузлавой прыёмкай, індывідуальнымі выпрабаваннямі, пускавымі аперацыямі. У гэтым месяцы плануецца завяршыць комплекснае выпрабаванне ўсяго абсталявання, пасля якога станцыя будзе ўведзена ў эксплуатацыю. На Мінскай ЦЭЦ-2 праведзены будаўніча-мантажныя работы па першым пускавым комплексе, запушчана газавая турбіна №2. З удзелам шведскіх і кітайскіх спецыялістаў працягваюцца пусканаладачныя работы на газавай турбіне №1 і дапаможным абсталяванні. Вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі. Комплекснае выпрабаванне абсталявання і ўвод у эксплуатацыю запланаваны ў гэтым месяцы. Пасля рэканструкцыі Мінская ЦЭЦ-2 штогод будзе выпрацоўваць 400 млн. кВт.г электраэнергіі і 1,3 млн. Гкал цяпла. Праведзеныя работы дазволяць зэканоміць каля 50 тыс. т у.т. у год, або Br56 млрд. у дзейных цэнах. У 2011-2015 гадах ДВА "Белэнерга" плануе ўвесці 3150 МВт высокаэфектыўных электрычных магутнасцей замест 2336 МВт састарэлых. У іх ліку - парагазавыя энергаблокі на Лукомльскай і Бярозаўскай ДРЭС адзінкавай магутнасцю 400 МВт, Мінскай ЦЭЦ-5 (399 МВт); газавыя надбудовы парасілавога абсталявання магутнасцю 70 МВт на Віцебскай і Наваполацкай ЦЭЦ, Бабруйскай ЦЭЦ-2. На базе існуючых кацельняў у Барысаве і Магілёве будуць устаноўлены парагазавыя энергаблокі магутнасцю 64 і 15 МВт адпаведна. Для зніжэння долі прыроднага газу ў паліўным балансе прадугледжана будаўніцтва вугальнай Зэльвенскай КЭС, а таксама ўстаноўка энергамодуляў на мясцовых відах паліва на існуючых кацельнях. У выніку да канца пяцігодкі чакаецца зніжэнне удзельнага расходу паліва на 25-30 г.т.у.т./кВт.г, спажывання прыроднага газу - на 2,1 млрд. куб.м. Дзяржаўнае вытворчае аб'яднанне электраэнергетыкі "Белэнерга" створана ў 2006 годзе ў парадку рэарганізацыі Беларускага дзяржаўнага энергетычнага канцэрна для кіравання гаспадарчай дзейнасцю электраэнергетычнага комплексу Беларусі. У склад "Белэнерга" ўваходзяць у тым ліку рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы "Брэстэнерга", "Віцебскэнерга", "Гомельэнерга", "Гроднаэнерга", "Мінскэнерга", "Магілёўэнерга".-0-