«Беллегпрам» плануе ў 2009 годзе павялічыць фінансаванне навуковых распрацовак да Br3,6 млрд.

18 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Канцэрн "Беллегпрам" плануе ў 2009 годзе павялічыць фінансаванне навуковай падтрымкі прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці амаль на чвэрць да Br3,6 млрд. Аб гэтым паведаміў першы намеснік старшыні канцэрна Уладзімір Астроўскі на міжнароднай навуковай канферэнцыі "Новае ў тэхніцы і тэхналогіі тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці", якая праходзіць сёння ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Сродкі выдзяляюцца з інавацыйнага фонду канцэрна і прызначаны на распрацоўку новых вытворчых тэхналогій і матэрыялаў, якія дазваляюць прадпрыемствам асвойваць выпуск сучасных відаў прадукцыі. Навуковыя праграмы канцэрна прадугледжваюць стварэнне тэхналогій атрымання і перапрацоўкі ткацкіх і трыкатажных праж з выкарыстаннем сучаснага асартыменту тэхнічных валокнаў, распрацоўку новых тэхналагічных працэсаў перапрацоўкі ільновалокна, высокаэфектыўных тэхналогій атрымання праж і тэкстыльных матэрыялаў з выкарыстаннем айчынных натуральных валокнаў, даследаванні па іншых напрамках. Таксама па заданні канцэрна навуковыя калектывы займаюцца распрацоўкай сучасных тэхналогій вытворчасці абутку. "Да працы па гэтым напрамку мы маем намер яшчэ шырэй прыцягнуць спецыялістаў віцебскай ВНУ, бо ў адпаведнасці з распрацаванай канцэпцыяй развіцця абутковай галіны нам неабходна павялічыць аб'ём вытворчасці абутку ў два разы за бліжэйшыя пяць гадоў", - адзначыў Уладзімір Астроўскі. Навукоўцы і спецыялісты Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх навуковых праграмах, якія рэалізуюцца канцэрнам. У агульным аб'ёме навуковых распрацовак на інавацыі віцебскіх спецыялістаў прыпадае каля 47%. Укараненне новых тэхналогій і навуковая падтрымка гэтага працэсу з боку распрацоўшчыкаў дазваляе ў больш сціслыя тэрміны асвойваць новаўвядзенні, адзначыў першы намеснік старшыні "Беллегпрама". Акрамя таго, прадпрыемствы галіны атрымліваюць магчымасць значна пашыраць асартымент выпускаемай прадукцыі, наладзіць вытворчасць прынцыпова новай прадукцыі і адпаведна годна канкурыраваць з замежнымі вытворцамі на ўнутраным і знешнім рынках, а таксама пашырыць вобласць прымянення айчыннай сыравіны.-0-