Беларус Андрэй Калосаў на «Славянскім базары-2009» выканае дзьве песьні з рэпэртуару «Песьняроў»
6 ліпеня, Мінск /Кацярына Сідзелава – БЕЛТА/. Беларускі прадстаўнік на Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2009", які пройдзе на XVIII Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", Андрэй Калосаў выканае дзве песні з рэпертуару "Песняроў". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар Гомельскай абласной філармоніі Віктар Гутыра.
Андрэя Калосава рыхтаваў Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры". Артыст выканае на конкурсе дзве песні з рэпертуару легендарнага калектыву "Верни мне музыку" і "Каліна". Касцюмы конкурсанту да выступлення таксама прадаставіць ансамбль.
"Кампазіцыя "Верни мне музыку" як нельга лепш падыходзіць Андрэю. У ёй спявак раскрываецца, а сваім абаянем і манерай выканання нагадвае нават Мусліма Магамаева. Што ж тычыцца беларускамоўнай песні "Каліна", то яна таксама падабрана вельмі ўдала і з лепшага боку раскрывае вакальныя даныя нашага конкурсанта", - распавёў дырэктар Гомельскай абласной філармоніі.
Андрэй Калосаў родам з Гомеля, у свой час быў лаўрэатам конкурсу "Песні юнацтва нашых бацькоў", атрымаў II прэмію на Міжнародным фестывалі эстраднай творчасці "Зорны Крым", які праходзіў ва Украіне. Вакалам займаўся ў Алены Калосавай - сваёй мамы, пасля чаго стаў салістам эстрадна-сімфанічнага аркестра Гомельскай абласной філармоніі.
Яшчэ адным выпускніком філармоніі з'яўляецца і конкурснт ад Расіі Дзмітрый Даніленка, які ў свой час таксама займаўся ў Алены Калосавай. "Дзмітрый Даніленка валодае моцным характарам. Акрамя таго, заняткі ў Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Рымскага-Корсакава не прайшлі для яго дарма, таму ён можа скласці добрую канкурэнцыю свайму земляку", - падзяліўся меркаваннем Віктар Гутыра.
Сёння адбылася першая рэпетыцыя выканаўцаў сумесна з Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Фінберга, пад акампанемент якога ўдзельнікі будуць прэзентаваць свае нумары.
XVIII Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2009" пройдзе з 11 па 13 ліпеня. -0-