Беларус Андрэй Каласоў у першы дзень конкурсу "Віцебск-2009" стаў другім

12 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло – БЕЛТА/. Прадстаўнік Беларусі на міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2009" Андрэй Калосаў па выніках першага конкурснага дня набраў 92 балы са 100 магчымых і стаў другім, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Такую ж колькасць балаў (92) мае Влатко Лозаноскі з Македоніі. Найбольшую суму атрымаў Дзмітрый Даніленка, які прадстаўляе Расію. Суддзі выставілі яму 95 балаў. Чацвёрку лідараў замыкае Паша Парфеній з Малдовы з 91 балам. Варта адзначыць, што ў першай дзясятцы разрыў паміж ацэнкамі ўдзельнікаў мінімальны. Літаральна ў спіну першай чацвёрцы дыхаюць Пётр Дзмітрычэнка з Украіны, Еранімас Мілюс з Літвы, Раксана з Узбекістана. Аднак галоўныя ацэнкі маладым выканаўцам паставілі гледачы, і, зыходзячы з апладысментаў, усе яны вельмі высокія. Любімчыкам публікі літаральна з першых хвілін на сцэне Летняга амфітэатра стаў Яраслаў Парчы са Славакіі. Сёння ўдзельнікі зноў сустрэнуцца на галоўнай пляцоўцы фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», каб прадэманстраваць журы сваё ўменне выконваць песні ў суправаджэнні аркeстра. Дапамагаць ім будзе Нацыянальны аркeстр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Нягледзячы на тое, што ўладальнік найбольшай колькасці балаў ужо будзе вызначаны, свой вердыкт журы, якое ўзначальвае Лайма Вайкуле, вынесе толькі 13 ліпеня. Менавіта тады стануць вядомы ўладальнікі першай, другой і трэцяй прэмій і галоўнай узнагароды конкурсу – Гран-пры. У міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2009» бяруць удзел 16 удзельнікаў. У адпаведнасці з Палажэннем аб конкурсе журы выстаўляе свае ацэнкі адкрыта, ацэньваючы выступленні па 10-бальнай шкале.-0-