Беларус Раман Валожнёў заваяваў Гран-пры конкурсу эстраднай песні XXIX «Славянскага базару».
Па выніках двух конкурсных выступленняў з кампазіцыяй уласнага сачынення "Свяча" на вершы Максіма Багдановіча і сусветным гітом Autumn Leaves ён набраў 134 балы. З фестывальнага Віцебска пераможца ўвязе запаветную "Ліру" і грашовую прэмію ў памеры $20 тыс. Таксама ён адзначаны спецыяльнай прэміяй імя Уладзіміра Мулявіна за лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы, высокае выканальніцкае майстэрства і спецыяльным прызам Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.
Першую прэмію прэстыжнага конкурсу і спецпрыз атрымала ўкраінская спявачка Эліна Івашчанка, якая таксама набрала 134 балы. Сэрцы журы і публікі скарыла яе душэўнае выкананне.
Лаўрэатам другой прэміі стала Караліна Лындо з Літвы. Хіт Паліны Гагарынай "Навек" і I Have Nothing Уітні Х'юстан прынеслі артыстцы 131 бал.
Трэцюю прэмію падзялілі прадстаўніца Босніі і Герцагавіны Івона Одзіцкі і Хансултан з Казахстана.
Спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі "Славянская надзея" прысуджаны Эліне Івашчанцы. Канкурантка з Расіі Алена Фрэйман адзначана спецыяльнымі прызамі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі і Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "МІР".
За перамогу ў XXIX Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2020" змагаліся ўдзельнікі з 14 краін: Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Італіі, Казахстана, Кубы, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Сербіі, Украіны і Эстоніі.
Ацэнкі конкурсантам сёлета выстаўлялі Іна Афанасьева (Беларусь), Кейт Раян (Бельгія), Томас Невергрын (Данія), Карлыгаш Абдыкарымава (Казахстан), Ладзіслаў Бубнар (Славакія), Наталля Бучынская (Украіна). Журы ўзначаліў народны артыст Расіі Алег Газманаў.