Беларуска Дар'я Пачобут стала сярэбраным прызерам чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы
Беларуска Дар'я Пачобут стала сярэбраным прызерам у вагавой катэгорыі да 69 кг чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы ў нарвежскім Фердэ.
Дар'я Пачобут ужо па заявачнай вазе (230 кг) знаходзілася ў ліку фаварытаў і падчас спаборніцтваў пацвердзіла свой лідарскі статус. У першым практыкаванні яна прымусіла пахвалявацца прыхільнікаў, двойчы запар няўдала выканаўшы спробу на 105 кг. Толькі ў трэцім падыходзе спартсменка зафіксавала штангу вагой 106 кг і выйграла малы залаты медаль. У штуршку беларуска выступіла без памылак. Спачатку справілася з вагой у 120 кг. Далей яна падняла снарад у 125 кг.
Вырашальным у барацьбе за ўзнагароды ў дваябор'і стаў трэці выхад Пачобут на помост, у якім яна паказала вынік 130 кг і набрала па суме двух практыкаванняў 236 кг (106 кг + 130 кг). Абысці беларуску змагла толькі саперніца з Арменіі Назік Аўдалян, якая ў сваёй заключнай спробе штурхнула штангу вагой 132 кг, паказаўшы ў дваябор'і 237 кг (105 кг + 132 кг). Бронзавым прызерам чэмпіянату стала 17-гадовая брытанка Рэбека Тайлер - 222 кг (99 кг + 123 кг). Сярэбраны медаль чэмпіянату Еўропы для Дар'і Пачобут -
першая ў кар'еры. У 2015 годзе беларуска станавілася бронзавым прызерам у вагавой катэгорыі да 75 кг. На чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы ў нарвежскім Фердэ на помост выйдуць яшчэ два прадстаўнікі зборнай Беларусі. У катэгорыі да 94 кг 15 красавіка выступіць Аляксандр Макаранка, а 16 красавіка - Міхаіл Аўдзееў (у катэгорыі да 105 кг).Цяперашні кантынентальны форум з'яўляецца
эксперыментальным для беларускай каманды. На турніры выступаюць атлеты, якія
яшчэ не маюць заліковых балаў, каб прэтэндаваць на ўдзел у Алімпіядзе.
Канчатковы склад зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы на летнія Гульні ў
Рыа-дэ-Жанейра стане вядомы пасля чэмпіянату краіны, які 24-28 мая
пройдзе ў Гродне.
БЕЛТА.